АХОНАВА

Да маёй Радзімы
і Зецельскай старонкі

Кожны раз, як да новага,
Выязджаю ў Ахонава.
Еду – заўсёды хвалююся
Ды краявідам любуюся.

Не сцякла і мінутка,
Абмінуў Зецела хутка.
Едзь паволі, не спяшы –
Ужо скора Курпяшы.

Глянь налева, ўправа глянь –
Цячэ рэчачка Ухань.
А далей будзе Арліна –
Ўжо й дарогі палавіна.

Тут ля Моўчадзі-ракі
Вёсачка Баравікі.
А ў ёй сябра Свіб жыве
Ды у госці ўсё заве.
У яго як заначую,
Смачным мёдам зачастуе.

Што за радасць! Справа ён,
Гонар нацыі – “Радон”:
Мы старанна будавалі –
Мы пра заўтра краю дбалі.

Тут праз лес бяжыць дарога,
Дзе грыбоў заўсёды многа.
Ручай Клішаўка журчыць,
А вакол – Трайня ляжыць.

За чыгункай на узгорку
Паўстае, нібыта Зорка,
Вёска родная мая,
Што расціла, берагла.
Тут маленства родны свет:
Школа, ФАП і сельсавет.

Пакуль голас гучыць звонка
І ўсяму даю я рады,
Мая мілая старонка,
Не зазнаеш маёй здрады..

Ахонава! Родная вёска --
Сэрцу лагодны спачын.
Такая мне воля Боская,
Такі мне з народзінаў чын.

Уладзімір ЛОГАШ

Yandex cite