Гарушчая

Нашёл статью, которая взволновала, заставила задуматься. Опубликована была недавно, но об этой истории слышу впервые.
Приведу текст статьи полностью...

— Ты, як прыйдзеш на яе сядзiбу, то гукай, можа, пачуе i выйдзе, а так не знойдзеш бедную ў тых разваленых хiбарах, — навучала знаёмая, калi даведалася, што я накiроўваюся да Галiны Якубоўскай.
Але гукаць не прыйшлося. Я дагнала Галiну Уладзiмiраўну на дарозе. Яна несла ў руках пакет з хлебам, а праз плячо была перакiнута торбачка з нейкай паклажай. Яе сядзiба адразу пры дарозе. Некалi была ў чыстым полi, а цяпер, як Дзятлава разбудавалася, то апынулася ў горадзе. Мiж пладовых дрэў размясцiлiся чатыры хiбары — адна страшнейшая за другую. Разваленая хата, склеп, паветка i хлеў. Я спрабавала здагадацца, куды ж накiроўваецца гаспадыня са сваёй паклажай, бо нi адну з гэтых будынiн нельга было прыстасаваць для чалавечага жылля. Яна запрасiла мяне ў паветку. Злепленая з дошак пабудова была настолькi дзiравая, што ў шчылiны мог пралезцi кулак. Цi варта казаць, як тут зiмой студзёна.

Да сцяны прымацавана ржавая талерка-сушылка, на нейкiх скрынках валялася старое адзенне, засланая цыратай кухонная шафа, вiдаць, замяняла стол. Вось i ўся “абстаноўка”.
Гаспадыня-пенсiянерка, якой па стане здароўя i па ўзросце трэба знаходзiцца ў цяпле, моцна кашляла.

— Вось жа недзе прастыла, — кажа яна. — Але i хварэю, i па гаспадарцы тупаю, бо няма на каго спадзявацца. Ды хiба пражывеш на пенсiю ў 160 тысяч рублёў? Трымаю карову, парасят, курэй. Усё жыццё працую як вол, а што маю?

У халодны час года гэтая няшчасная жанчына начуе па чужых кутках. Добра, што свет не без чулых людзей. То адзiн дасць прытулак, то другi. А iншы раз i не iдзе нiкуды, начуе проста ў прыбудоўцы да хлява, праз сцяну з каровай.

— А як жа вы есцi варыце для сябе i жывёлы? — пытаю ў Галiны Уладзiмiраўны, бо нiяк не магу зразумець, дзе тут можа быць хоць што-небудзь, што нагадвала б печку.
— А вось тут, паглядзiце, — жанчына вядзе мяне да маленькага скляпення, ад якога над зямлёй тырчыць толькi накрытая толлю страха. Яна адчыняе накрыўку i карабкаецца ў вузкую шчылiну. Потым, намацаўшы нагамi падлогу, становiцца амаль напалову сагнуўшыся.
— Каб была крыху мажнейшая, то i не змясцiлася б, — кажа яна. — А худая ўсюды пралезу.
Я туды шчамiцца не рызыкнула.

— Вось тут у мяне плiта, — тлумачыць яна з падзямелля, i я ў паўзмроку бачу нейкi злепак з глiны.
— Сама рабiла, — хвалiцца Галiна Уладзiмiраўна. — Нiчога так плiта. Дымiць, праўда. Трэба накапаць глiны, абмазаць — i будзе добра.

Божа мой... Бабулька, мiлая, мусiць, ты не бачыла, што такое добра. Вайна, хворы бацька, якi раней часу пайшоў у магiлу, непасiльная праца з ранняга дзяцiнства. А на старасцi гадоў — тулянне па гэтых хiбарах.
Раней, як яшчэ быў у цане рубель, яна вырашыла пабудаваць сабе хатку на бацькоўскай сядзiбе. Грошы мела, бо кожны год прадавала малако, здавала парсюка. Але без старонняй дапамогi ёй гэту справу было не адолець. Куды, бывала, нi пойдзе са сваёй просьбай, усюды натыкалася на чэрствасць i раўнадушша. Нiхто ёй не дапамог. А тут раптам яе грошы, як i ва ўсiх, ператварылiся ў смецце.

Не скажу, што ёй зусiм не iмкнулiся дапамагчы мясцовыя ўлады. Прапаноўвалi перасялiцца ў блiзкiя Савiчы цi недалёкiя Хадзяўляны. Не пайшла.

— Я не магу жыць без гаспадаркi, а там няма хлевушка. I хачу памерцi на сваёй сядзiбе. Тут у мяне i яблынькi, i грушы, тут бацькi мае паўмiралi. Не пайду нiкуды... — казала ўсякi раз на такiя прапановы.

I не пайшла. А зразумець яе, дапамагчы пабудаваць хатку на бацькоўскай сядзiбе нiхто не захацеў.

— Мне б хоць невялiчкую будынiнку, як палавiна вунь таго хлевушка, што людзi для жывёлы будуюць. Абы цёпла ды суха.

Яна паказала рукой за дрэвы, дзе нехта ўзвёў хлеў i залiў падмурак пад новы дом. Дабротныя асабнякi абляпiлi сядзiбу з трох бакоў. I стаяць яе хiбары сярод раскошных дамоў, ззяюць чарнатой, як дзiрка на новым убраннi.

Пасланнiк Бога.

З даўнiх часоў, як толькi ў раён прыедзе працаваць хто-небудзь з начальства або завiтае высокапастаўленая асоба з Гродна цi Мiнска, яна iшла на прыём з адной просьбай: дапамажыце пабудаваць дамок. Эканомячы лiтаральна на ўсiм, зноў сабрала дзеля гэтай мэты грошай.

— Табе, бабуля, давалi нармальнае жыллё? Давалi. Не захацела перасяляцца? Не захацела. I няма больш пра што гаварыць...

I, пакрыўджаная i няшчасная, яна вярталася да сваiх хiбараў, цвёрда перакананая, што няма на свеце справядлiвасцi.

Калi ў 1994 годзе ў Дзятлава прыязджаў Зянон Пазьняк, Галiна Уладзiмiраўна i да яго падышла са сваёй бядой: “Дапамажыце, я так пакутую...” Але Зянон Станiслававiч змагаўся за народнае шчасце — дзе яму было думаць пра нейкую там бяздомную спадарыню Якубоўскую!

Звярталася яна i да Мечыслава Грыба, якi ў свой час меў вялiкую ўладу. Яго родная вёска Савiчы ў пяцi мiнутах хадзьбы ад развалюх Галiны Якубоўскай. Не раз праязджаў ля iх, бачыў, аднак i ён не дапамог.

Яна ўжо нi на што не спадзявалася. Даведаўшыся, што ў Дзятлаве з'явiўся новы начальнiк, нiбыта па iнерцыi iшла да яго. Прыйшла неяк i да Аляксандра Маркушэўскага, якi нядаўна стаў старшынёй Дзятлаўскага сельскага Савета. Расказала пра свае пакуты, пра жудасную адзiноту — нi сям'i, нi дзяцей — i затуманенымi ад слёз вачыма глядзела на яго.

— Дык вы ж у горадзе жывяце, а я ўзначальваю сельскi Савет, — сказаў Аляксандр Вiктаравiч.
— Вы толькi паедзьце са мной i паглядзiце, у якiх умовах я жыву...
— Цяпер не маю часу, але я абавязкова прыеду, — паабяцаў на развiтанне.

Ён прыехаў праз пару дзён i ўжо не мог спаць спакойна. Перад вачыма стаялi разваленыя хiбары, спакутаваны твар адзiнокай сямiдзесяцiгадовай жанчыны. I Аляксандр Вiктаравiч цвёрда вырашыў дапамагчы.
Аднойчы прыехаў зiмовай ранiцай. На дварэ марозна, а яна ў прыбудоўцы да хлява ляжыць пад старымi коўдрамi. “Не дай Бог замерзне, засне i не прачнецца”, — пранеслася ў галаве. I я вырашыў пабудаваць ёй дамок, як бы цяжка нi было, — кажа Аляксандр Вiктаравiч.

Гэты чалавек сваёй дабрынёй i душэўнасцю растапiў многiя сэрцы. Праз невялiкi прамежак часу ён ужо быў не адзiнокi ў высакародным iмкненнi дапамагчы няшчаснай жанчыне. Прывёз на сядзiбу архiтэктара i атрымаў дазвол на ўзвядзенне жылля.

Вялiкую дапамогу ў гэтай патрэбнай справе аказалi таксама добрыя i спагадлiвыя людзi. У першую чаргу гэта намеснiк старшынi Дзятлаўскага райвыканкама Пётр Чырко, старшыня калгаса “Русь-Агра” Яўген Варган. Ды i iншыя.

Няма таго дня, каб Аляксандр Вiктаравiч не наведаўся на сядзiбу Галiны Якубоўскай. Ён, мабыць, не менш за гаспадыню радуецца, што ўжо ўзведзены з блокаў дамок. Зроблена страха, паслана столь. Пячнiк заканчвае класцi печку з плiтою.

Галiне Уладзiмiраўне нават не верыцца, што зiмаваць будзе ў цяпле. Калi гаворыць пра гэта, слёзы наварочваюцца на вочы:

— Сам Бог паслаў мне Аляксандра Вiктаравiча, — кажа яна. — Столькi гадочкаў чакала... Век буду за яго малiцца...

У заключэнне гэтага сумнага аповеду хачу некалькi слоў сказаць пра Аляксандра Маркушэўскага. Колькi ведаю гэтага чалавека, заўсёды захапляюся яго розумам, мудрасцю, дабрынёй. Ён доўгi час працаваў у Дзятлаўскай мiлiцыi i паказаў прыклад, якiм сапраўды павiнен быць чалавек у пагонах. Калi пайшоў на пенсiю, узначалiў сельскi Савет. Пастаянна бывае ў аддаленых вёсках, дзе жывуць старыя нямоглыя людзi, робiць усё магчымае i немагчымае дзеля таго, каб iм было не так цяжка i адзiнока. I доктара, калi трэба, прывязе, i бiблiятэкара, i з юбiлеем павiншуе. Галоўнае — для Аляксандра Вiктаравiча не бывае чужой бяды. Нiзкi паклон i шчыры дзякуй яму за гэта!

Леанарда ЮРГIЛЕВIЧ
Народная Воля

Yandex cite