Перамога on-line вачыма журналіста

Выпадкова знайшоў у сеціве артыкул аб сайце газеты "Перамога". Датаваны далёкім 2007-м годам, але, па-мойму, даволі цікавы. Цікавыя, на маю думку, моманты пазначу )))
Прапаную артыкул цалкам:

Перамога on-line.

Хвалі сусветнай камп'ютэрызацыі і інтэрнэтызацыі пакрысе дасягаюць далёкіх і не вельмі правінцый. І калі раней для жыхара невялікага беларускага мястэчка галоўнай крыніцай мясцовых навін была толькі так званая раённая газета, то цяпер даведацца пра падзеі, якія адбыліся недалёка ад тваёй хаты, можна таксама і он-лайн, бо гэтая "раёнка" набыла сваю віртуальную версію і займела роўныя правы сярод безлічы сайтаў.

Зразумела, казаць пра тое, што ў Беларусі кожнае мясцовае выданне мае ўласнае прадстаўніцтва ў Інтэрнэце, пакуль заўчасна. Не настолькі яшчэ ў правінцыйных рэдакцыях праніклася жаданне выйсці ў сеціва, але пачатак ёсць. Да прыкладу сайт газеты "Перамога", які месціцца па адрасе http://peramoga.dzyatlava.by

Калі зайсці на даны партал, то ўбачыш, што зроблены ён даволі ўдала. Асноўная яго перавага - гэта лёгкасць азнаямлення са зместам, а дакладней - з артыкуламі, якія публікавала на сваіх старонках "Перамога" - газета для мястэчка Дзятлава, што на Гродненшчыне.

Сайт так і называецца "Перамога on-line". Цэлае яго выяўленне месціцца на блакітным фоне і падзеленае на дзве часткі. На першай старонцы ў левай, шырэйшай частцы знаходзяцца некаторыя з артыкулаў двух апошніх нумароў. Нейкага падзелу па тэматыцы тут няма - тэксты ідуць адын за адным не маючы дакладнага сістэматызавання.

Правы бок сайта, наадварот, выбудоўвае строгую сістэму тэматычнай адпаведнасці артыкулаў. Паколькі рубрык у газеце даволі многа, то і старонак на яе інтэрнэт-версіі набярэцца не адзін дзесятак. Да таго ж тут змешчаны і ранейшыя нумары, матэрыялы з якіх палічылі неабходным апублікаваць на сайце яго ўладальнікі.

Перад тым, як пазнаёміць інтэрнэт-карыстальнікаў са зместам сваіх артыкулаў рэдакцыя выдання ў невялікім закуточку папярэджвае "Выкладзеныя тут артыкулы могуць утрымліваць памылкі, таму звяртаем вашую увагу, што канчатковы варыянт - гэта друкаваная газета, таму і раім вам сваечасова аформіць падпіску на нашае раённае выданне." Даволі цікавы маркетынгавы ход - афіцыйны сайт газеты адразу абазначаецца як нешта другаснае і патэнцыйна маючае недахопы якіх пазбаўлена "беспамылковая" друкаваная версія.

Дарэчы, чаму уласна газета называецца "Перамога", адказу на яе віртуальнай версіі знайсці не ўдалося, хаця даволі падрабязны расповед аб гісторыі выдання змешчаны на старонцы "Аб газеце". Пачаткам яе лічыцца 1939 год, калі заходняя Беларусь была аб'яднана з БССР. Тады газета насіла назву "За новую вёску". Праўда далейшы гістарычны расповед уносіць нейкае непаразуменне. Чамусці дакладная дата 21 верасня 1944 года абазначана як год выхаду першага нумара газеты, калі ішла Вялікая Айчынная, гэта значыць нямецка-савецкая, вайна. Даволі дзіўна, бо трыма радкамі вышэй сцвярджаецца, што газета пачала выходзіць менавіта ў 1939 годзе. Магчыма, гэта і ёсць адна з памылак віртуальнай версіі.

Штож тычыцца матэрыялаў, змешчаных у газеце, то яны цалкам адпавядаюць зацікаўленням жыхароў невялічкага беларускага горада. Калі казаць пра асвятленне нейкіх палітычных момантаў, то тут нешта адрознае ад лукашэнкаўскіх пазіцый знайсці цяжка, бо выданне з'яўляецца органам мясцовай выканаўчай ўлады.

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ
Тыднёвік беларусаў у Польшчы "Ніва"
Беласток, 14 кастрычніка 2007

Yandex cite