Вёска

З блога Адама Глобуса.

Як яна далёка ад мяне, мая вёска. Тая вёска, дзе пражылі мае дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Здавалася б, сеў ды паехаў, і праз якіх дзве-тры гадзіны ты ў вёсцы, ты ў сваёй Варакомшчыне. Не едзеш, адкладаеш, бо ніякай пільнай патрэбы адведаць вёску ў цябе няма, а ты жывеш актуальным і тэрміновым, неадкладным і выгодным. Якая патрэба ў адведванні старой вёскі, дзе ні дзеда ні бабы даўно няма? Ніякай відавочнай патрэбы няма, але ж нейкая сіла цягне цябе туды, нейкія галасы клічуць.

Сніцца яна табе часта. Сніцца яна кепска.

Хаты паўрасталыя ў зямлю па самыя коміны. Чужыя бруднатварыя бабы ў тых земляных хатах жывуць. Ад тых хат ты кіруешся на рэчку, на тваю Ятранку, а яна поўная высокай вады. Плынь глыбокая але празрыстая, вада чыстая і насычаная сонцам, такая чыстая вада ў Ятранцы, што ты можаш разглядаць кожную пяшчынку на дне. Ты разглядаеш, а з-за вербаў за табою цікуюць старыя мурзатыя бабы. Табе робіцца кепска, і ты прачынаешся.

Ты ляжыш і думаеш, што як толькі пацяплее, як сыйдзе снег і пойдзе трава, ты абавязкова выберашся ў вёску, у сваю Варакомшчыну. Туды, дзе некалі даўно-даўно ты пасвіў пакорлівых авечак і вялікіх кароў, дзе лавіў срэбнабокіх плотак і паласатых акунёў, дзе прыносіў з лесу кашы маслятаў.

Ты засынаеш са светлай душою, з вераю ў хуткае падарожжа.

Раніца поўніцца будзёнымі абавязкамі, і пра сваю вёску ты забываеш.

Ты б і не выбраўся ў Варакомшчыну, каб не дзятлаўскія гімназісты. Табе патэлефануюць з мястэчка Дзятлава і запросяць у гімназію. Ты прыедзеш, бо адмаўляць дзецям – апошняя справа. Дзеці зладзяць чытанне сваіх першых навуковых прац прысвечаных творчасці твайго бацькі. Ты будзеш сядзець і слухаць, як тата любіў свой край, як цудоўна ён апісаў сваю вёску і сваіх вяскоўцаў. Пасля цябе правядуць у музей, дзе з-за шкла на цябе зірнеш ты сам. Бог мой, як жа гэта страшна, калі ў музеі ты глядзіш сам на сябе. Такое адчуванне, быццам ты даўно памёр, і нехта іншы стаіць сярод настаўнікаў і гімназістаў. Ад цябе жывога засталася адно маленечкая шэрая фотакартачка… Ты пахваліш гімназістаў і настаўнікаў, пахваліш дырэктара гімназіі і падзякуеш яму за моцную каву. Ты выедзеш з Дзятлава, паедзеш у бок Наваельні, а за Наваельняю ты спынішся, выйдзеш з машыны.

Ты зайдзеш у сваю веску, у сваю Варакомшчыну.

Пасыплецца дождж. Дробны, халодны, занудлівы дождж пасыплецца на вёску. Табе заўсёды снілася сонечная і цёплая Варакомшчына. А вярнуўся ты ў халодную і мокрую шэрую вёску. На якое імгненне табе падасца гэта несправядлівым, але ты скорышся, бо адчуеш як расплываешся ў гэтай шэрасці і дажджы. Адчуеш, як трава прарастае праз цябе, а кроплі дажджу ляцяць скрозь тваё цела. Ты станеш адным цэлым са сваёю вёскаю, з дзедавым домам і са сваёю зямлёю.

Згадаюцца кроплі, якія сыпаліся з поўнага вядра ў глыбокі каладзеж. Вядро цяжкае, вада крыштвальна-чыстая і ледзяная. Кроплі сыплюцца ў калодзеж.

У шэрым дажджы, у шэрай вёсцы сваёй ты ўбачыш празрыстыя цені. Ты пабачыш тых, каго даўно няма, хто пакінуў наш цяжкі свет. Ты ўбачыш сваіх дзядзькоў, ты ўбачыш бацьку і дзеда з бабаю. Усе яны будуць займацца будзенымі і патрэбнымі справамі. Дзядзькі пілавацьмуць дровы, дзед ставіцьме новы плот, баба карміцьме курэй. Гаварыцьме за ўсіх іх будзе твой бацька, ён і скажа, што ты вінен гэтай зямлі і гэтай вёсцы, ты вінаваты нашай Варакомшчыне, і ты мусіш адрабіць тое, што вінаваты, мусіш апісаць і намаляваць вёску…

Насланнё.

Каб ушчэнт не змокнуць ты вярнешся да машыны і з’едзеш са сваёй вёскі, з’едзеш са сваёй Варакомшчыны, ты з’едзеш каб вярнуцца.

Адам Глобус

Изображение пользователя lotos.

спасибо Адаму

спасибо Адаму Глобусу.

Изображение пользователя Alex.

Потянуло в Дятлово

Да... Печальная действительность...
Потянуло в Дятлово...

Изображение пользователя Светлана.

И не только в

И не только в Дятлово, но и в деревню , где когда-то проводились все каникулы , - у деда с бабулей... Раньше мы это воспринимали как ссылку, хотя было так здорово , когда в эту "ссылку" приезжали внуки из Гродно , Минска ...

Изображение пользователя Alex.

Яшчэ пра Варакомшчыну

Яшчэ пра Варакомшчыну
http://www.svaboda.org/content/Transcript/1146207.html

Yandex cite