З Бацютаў — у Дзятлава. Лёсы беларусаў.

У горадзе Дзятлава, што на Гарадзеншчыне, на Кастрычніцкай вуліцы жыве Галіна Мікалаеўна Яравая. Падчас сустрэчы жанчына прызналася, што яна родам з вёскі Бацюты, якая знаходзіцца недалёка ад Беластока. А ў пацвярджэнне гэтаму кабета прынесла з хаты фотаздымак 1948 года. Ён быў зроблены ўжо ў Дзятлаве, але на здымку сфатаграфаваны многія жыхары вёскі Бацюты, найбольш там беларусаў з прозвішчам Калодка. Я папрасіў жанчыну расказаць пра людзей, якія сфатаграфаваны на здымку, а таксама пра сябе.

Галіна Мікалаеўна захвалявалася, але з прыемнасцю пачала свой аповед: „Я нарадзілася ў 1940 годзе ў Бацютах. Калі пачалася вайна і бамбёжка, тата мяне ўзяў на рукі і пабег хавацца ў бульбу, што расла за хатай. А ў гэты момант снарад падае проста на наш агарод, але не змог узарвацца. Так мы засталіся жывыя...”.

— А якое прозвішча было ў вашага бацькі?

— Бацьку звалі Мікалай Іосіфавіч Шэйноўскі. А мой дзед Іосіф падчас рэвалюцыі ў Расіі жыў у Маскве. Ён працаваў на чыгунцы. А бацька мой там хадзіў у школу, скончыў нават чатыры класы. Пасля яны прыехалі ў Бацюты. На той час тата быў у Бацютах даволі адукаваным чалавекам. Працаваў там намеснікам солтыса. Ён выпісваў паперы на падаткі людзям і разносіў іх па хатах.

— Ваш бацька і дзед былі праваслаўныя ці католікі?

— Усе мы праваслаўныя, па нацыянальнасці — беларусы.

— А як ваш дзед трапіў з Масквы ў Бацюты?

— Ён адсюль быў родам. І вярнуўся на радзіму. А пасля вайны тату рэпрэсавалі і саслалі ў Разань.

- А за што тату рэпрэсавалі?

- Атрымалася вельмі дзіўная недарэчнасць. Справа ў тым, што да вайны ў Бацютах было некалькі Шэйноўскіх Мікалаяў. адзін з іх падчас вайны пасадзіў яўрэя на воз, накрыў саломай і адвёз за мост, які праходзіў праз Нарву і здаў немцам. Пасля вайны падумалі, што гэта зрабіў мой бацька Шэйноўскі і саслалі яго ў Разань на пасяленне. Праўда, адбыў ён там толькі гады тры, яго памілавалі і адпусцілі. Бацька вырашыў вярнуцца ў родныя Бацюты да сваякоў.

- Але Беласточчына ужо была пад Польшчай?

- Так, Сталін ўжо Беласточчыну аддаў палякам. Таму тата ў Бацюты не трапіў, а прыехаў ў Дзятлава, куды шмат пераехала нашых аднавяскоўцаў і сваякоў.

- У 1948 годзе жыхары Бацютау вырашылі зрабіць агульны здымак, так?

- Так. Мне было тады толькі 8 гадкоў. Але я памятаю той час і многіх на гэтым здымку.

Jaravaya 1.JPG

Жыхары вёскі Бацюты, пераселеныя пасля Другой сусветнай вайны ў Дзятлава, 1948г

Jaravaya.JPG

- Расскажыце, калі ласка, хто сфатаграфаваны на гэтым здымку?

- На гэтым здымку сфатаграфаваны сем'і Калодкаў, Конюхаў, Фісяк, Абрамовічаў, Грынаш, Капцеўскіх. Усе яны з Бацютаў. Але ёсць і чужыя асобы. У другім радзе у вайсковай форме, трыці з лева сядзіць энкэвэдэшнік, які перавозіў нас з Бацютаў у Дзятлава. Ён ажаніўся з нашай Аняй Калодка, што сядзіць злева ад яго. Справа на здымку, у касцюме, таксама нейкі чэкіст з Чэлябінска. Пасля вайны яго прыслалі на Беларусь, каб знішчыць банду Гомана. Калі ён яе знішчыў, так казалі людзі, то паехаў назад у свой Чэлябінск. Часова ён жыў у Дзятлаве.

- Для вас гэты здымак, відаць, вельмі дарагі?

- Вельмі. Ён мне нагадвае дзяцінства, якое прайшло ў Бацютах і ў Дзятлаве, а таксама маіх саякоў і аднавяскоўцаў, многіх якіх, на жаль, ужо няма на гэтай зямлі.

Сяргей Чыгрын
Ніва

Yandex cite