Дзятлава

Дзятлава рыхтуецца да дажынак

Нават старэйшыя жыхары Дзятлава ня памятаюць такой маштабнай рэканструкцыі гораду. Кажуць, што ў раёне на такую будоўлю ніколі не было грошай. Аб’ектаў рэканструкцыі і праўда шмат, у горадзе поўна будаўнічай тэхнікі, рабочых.

Велікодныя фантазіі

“Велікодныя фантазіі”. Пад такой назвай 22 красавіка ў музеі пачала працаваць выстава. На ёй прадстаўлены дзіцячыя работы, работы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, народных майстроў велікоднай тэматыкі. Запрашаем усіх наведаць выставу, прысвечаную галоўнаму веснавому святу – Вялікадню, які часцей за ўсё адзначаецца ў красавіку.
Гэта вельмі старажытнае народнае свята, якое з прыняццем хрысціянства было прыстасавана да царкоўнага свята – уваскрэсення Ісуса Хрыста. На гэты ж час прыпадае і апошні перадвелікодны тыдзень, які атрымаў назву “Страстны”. На працягу тыдня амаль штодня патрэбна прытрымлівацца пэўных абмежаванняў, выконваць рэгламентаваныя абрады. Выкананне шматлікіх рытуальных дзеянняў павінна было спрыяць умацаванню здароўя, первасцерагчы ад сурокаў. Каб перасцерагчы сям’ю ад розных інфекцыйных захворванняў, у панядзелак і аўторак нельга было трымаць у хаце што-небудзь бруднае, нямытае. У сераду вечарам гаспадыня кла¬ла пад страху хлеб, соль і мыла. 3 хлебам і свянцоным велікодным яйкам на Юр’я першы раз скаціну выганялі ў поле. Мылам мыліся назаўтра раніцай.

Сэнс жыцця — кераміка

Увагу многіх наведвальнікаў Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея адразу прыцягвае калекцыя мастацкай керамікі Мікалая Несцярэўскага: пано, посуд, дэкаратыўная скульптура і пласты — каля 70 аўтарскіх работ.

Мяне вельмі ўражвае, калі бачу, як кавалак звычайнай гліны ў спрытных руках таленавітага мастака-кераміста ператвараецца ў адмысловую фігурку народнага музыкі або дзівосную фантастычную птушку. Творы гэтага кераміста кранаюць душу сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю.
— Вельмі прыемна, што шэраг маіх работ застанецца ў Дзятлаве, блізкім для сэрца горадзе, дзе прайшло незабыўнае юнацтва, — зазначыў Мікалай Лаўрэнцьевіч падчас перадачы музею сваіх твораў. — Няхай далучэнне да прыгожага абуджае ў людзях усё самае лепшае і заўсёды прыносіць радасць.

У мастака было шмат захапленняў, але менавіта кераміка стала сэнсам жыцця. Тут ён знайшоў сябе і ўласны мастацкі стыль. Вырабы Мікалая Несцярэўскага аздобілі інтэр’еры шматлікіх будынкаў у Мінску, Гродне і нават Валгаградзе. Мінчане добра ведаюць кафэ “Бульбяная” на праспекце Незалежнасці, дзе ўсе керамічныя вырабы — плён працы гэтага творцы. Кераміст з Дзятлава — адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў,
якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа”. Мастак аздобіў сваімі работамі краму “Мінск” у Валгаградзе, кавярні ў Салігорску і Светлагорску, працаваў над афармленнем будынка аэрапорта “Мінск-2”. Сцены Гродзенскага тэатра лялек, Дзятлаўскай гімназіі таксама ўпрыгожаны творамі майстра.

Дзятлава: эцюд у блакітных фарбах

Цікавы, аддаючы блакітам фотарэпартаж аб Дзятлаве блогера futureal2006 на старонках belarus_travel

А ці былі вы ў Дзятлава? Не, спытаю інакш: а ці чулі вы пра Дзятлава? Ведаеце, дзе гэта? :-)
Сьціплае мястэчка, закінутае ў глушэчы беларускай правінцыі, мейсца, дзе за адзінаццаць з паловай стагодзьдзяў беларускай гісторыі не адбылося роўным коштам НІЧОГА (паспрабуйце адшукаць хоць нештачка пра Дзятлава ў падручніках па гісторыі)...
А калі зірнуць неперадузята?!.
...старажытнае паселішча, заснаванае будучым гэроем Аршанскай бітвы князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім у 1498 годзе на мейсцы вялікакняскага двара Зьдзецела, валоданьне славутых магнацкіх родаў Астрожскіх, Сапегаў, Палубінскіх, Радзівілаў і Солтанаў, некалі квітнеючы гандлёва-рамесьніцкі цэнтар на гасьцінцы Вільня-Слонім, Дзятлава ў апошнія 200 гадоў свайго існаваньня сьціпла адыйшло ў цень, убок ад чыгункі і буйных аўтатрасаў... Але ж "рэха мінулых стагодзьдзяў" па-ранейшаму гучна разносіцца пад блакітам дзятлаўскіх нябёсаў, адбіваючыся ад дахаў і муроў старажытных храмаў і палаца...

Памылка на сайце Дзятлаўскага РВК

Паважаная адміністрацыя dyatlovo.grodno-region.by, хачу звярнуць Вашу ўвагу на грубую памылку ў назве нашага любімага горада Дзятлава, якая знаходзіцца на наступнай старонцы

Dyatlava.JPG

Калі будзеце правіць, папраўце яшчэ і "Гезгалы" замест "Гозгалаў" на карце і месцазнаходжанне ЗАГСа на адпаведнай старонцы

У версіі сайта на англійскай мове старшынёй райвыканкама да сённяшняга часу лічыцца Грытчанка.

УРАДЖАЙ… ПАСЯРОД ДАРОГІ

Вясна, пачатак лета — час, калі людзі садзяць агароды. Вось і яміна, прафесійна раскапаная яшчэ ўвесну, што на вуліцы Азёрнай, не стала выключэннем. І ўжо ўвосень разрадзілася памідорамі. У кавуна, што рос у яміне побач з памідорам, суквецце, на жаль, не завязалася. Шкада, што не атрымалася пачаставацца дарожным кавуном. Але, мабыць, у гэтага дарожнага “аб’екта” доўгатэрміновыя перспектывы. Можа, у наступным годзе атрымаецца паласавацца і кавуном… Акрамя памідораў і кавуна, у яме яшчэ валяецца (інакш не скажаш) знак “Земляныя работы”, які час ад часу “мігрыруе” па вуліцы.
За выпадковым ураджаем у яміне пасярод дарогі ўжо амаль паўгода назіралі жыхары Азёрнай і суседніх вуліц. Жыхарка Яўгенія Майсееўна Капціловіч расказвае:
– Гэтая яміна тут ужо даўно, яшчэ з вясны. Раскапалі яе і пакінулі тут. Усёй вуліцай назіралі, як памідоры ў гэтай яме цвілі, а побач — нават кавун вырас. Нядаўна некалькі штук памідораў саспела. А ўначы замаразкі былі. Яны вось, бачце, і пасохлі.

Казка

Тэатральная студыя "Мелодыя душы" прадстаўляе казку "Новы калабок".

РДК 11.00 26 чэрвеня ''Новы калабок''

П'еса-казка ў 2-х дзеях. Няма дзіцяці, які не ведаў бы гэтую старую-старую гісторыю:
''Жылі-былі дзед ды баба. Вось і кажа дзед бабе: ''Схадзі, старая, па кадушцы паскрабі, па скрыні памяці, ці не наскрабеш мукі на калабок…''

У ''Новым калабку'' распавядаецца пра Калабка ''нумар два'', які нарадзіўся вялікім чалавекалюбцам, з мяккай, пяшчотнай душой. А людзіі, лясныя звяры не хочуць яго разумець, ганяюцца за ім і спрабуюць пакаштаваць на зуб. Але, у адрозненне ад вядомага сюжэту, у гэтай казцы ўсё скончыцца шчасліва – і для Калабка, і для Дзеда з Бабай.

Прапанаваныя аўтарам тэксты вясёлых песенек – спяваюць Баба, Свіння, Вожык, Ліса, Воўк, сам Калабок.

Сонечнае Дзятлава (ФОТАРЭПАРТАЖ)

Дзятлы маюць да Дзятлава прыблізна такое ж дачыненне, як сланы да Слоніма ці бараны да Баранавічаў: ніякай повязі тут няма. Гістарычныя назвы гэтага старога сімпатычнага мястэчка на Гарадзеншчыне не змяшчалі ў сабе ніякіх птушыных алюзіяў: Зьдзецел, Зьдзіцел… чытаць і глядзець далей

Падарожжа па ваколіцах Дзятлава

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Антон Астаповіч запрашаюць у сяброўскае падарожжа па ваколіцах Дзятлава 30 траўня.

Маршрут:

Новая Мыш – касцёл Аб’яўлення Панскага 1825 г. з унікальнымі рэнесанснымі інтэр’ерамі з нясвіжскага бенедыктынскага касцёла, драўляная Спаса-Аб’яўленчая царква 1859 г., забудова мястэчка.

Моўчадзь – Петрапаўлаўская царква друг. пал. ХІХ ст., млын, карчма, сінагога, местачковая забудова.

Дварэц – неабарокавы касцёл Божага Цела пач. ХХ ст., Пакроўская царква друг. пал. ХІХ ст., руіны вадзянога млына, пахаванне Пратасевічаў (Дварэцкі анёл).

Раготна – касцёл Анёлаў Апекуноў сяр. ХІХ ст.; класіцызм.

Рандзілоўшчына – касцёл Сэрца Езуса 1822 г., старадаўнія могілкі.

Вензавец – Петрапаўлаўская царква 1875 г.

Дзятлава – Успенскі касцёл сяр. XVIII ст. у стылі барока, палац Палубінскіх – Радзівілаў XVIII ст., драўляная царква пач. ХХ ст., местачковая забудова ХІХ – пач. ХХ стст.

Паданні нашага краю

Пазнавальная інфармацыя з "Перамогі":
________________________________

ВОЗЕРА ГЛУХОЕ
Шмат стагоддзяў працаваў Нёман сярод узвышшаў ледавіковага паходжання: змяняў рэчышча, ператвараў глыбокія старыцы ў невялікія азярыны. “Дзікімі” азёрамі завуць іх жыхары Панямоння. Паміж вёскамі Каўпінскія і Дзям’янаўцы, узбоч лясной дарогі, дзе панасыпаны капцы, у зарослай елкамі і хмызняком нізіне крутога старажытнага берага, які ўтварыўся многія стагоддзі таму, калі Нёман праносіў тут свае воды, утварылася старыца, адзначаная на карце як возера Глухое. Пра Глухое (ці Дзікае) возера існуе паданне.
Затапіў у ім нарабаваны скарб Напалеон Банапарт, уцякаючы ад палону. З тых часоў кожную ноч выходзіць з азёрнай глыбіні вартаўнік-прывід. Магчыма, паданне і зберагае ў цішы і спакоі тутэйшыя лес, возера, капцы. Дасціпную выдумку і праверыць боязна.

КАЛЕЧАЯ ГАРА

Yandex cite