музей

Вечнатворчасць Міхася Петрыкевіча

Днямі ў выдавецтве “Кнігазбор” у Мінску выйшла ў свет кніга заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўца Міхася Петрыкевіча (1913-1999) “Народжаны вечнасць тварыць”.

Асноўную частку кнігі складаюць краязнаўчыя артыкулы Міхася Петрыкевіча пра Дзятлаўшчыну, дзе аўтар распавядае пра гісторыю свайго роднага краю ад старажытнасці да другой паловы ХХ стагоддзя.

У другую частку кнігі ўвайшлі ўспаміны пра аўтара яго сяброў-паплечнікаў і сына Валерыя. Пра Міхася Петрыкевіча тут успамінаюць Уладзімір Калеснік, Вольга Іпатава, Уладзімір Васько, Фёдар Красюк, Адам Мальдзіс, Тамара Палховіч і Леанарда Юргілевіч.

Велікодныя фантазіі

“Велікодныя фантазіі”. Пад такой назвай 22 красавіка ў музеі пачала працаваць выстава. На ёй прадстаўлены дзіцячыя работы, работы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, народных майстроў велікоднай тэматыкі. Запрашаем усіх наведаць выставу, прысвечаную галоўнаму веснавому святу – Вялікадню, які часцей за ўсё адзначаецца ў красавіку.
Гэта вельмі старажытнае народнае свята, якое з прыняццем хрысціянства было прыстасавана да царкоўнага свята – уваскрэсення Ісуса Хрыста. На гэты ж час прыпадае і апошні перадвелікодны тыдзень, які атрымаў назву “Страстны”. На працягу тыдня амаль штодня патрэбна прытрымлівацца пэўных абмежаванняў, выконваць рэгламентаваныя абрады. Выкананне шматлікіх рытуальных дзеянняў павінна было спрыяць умацаванню здароўя, первасцерагчы ад сурокаў. Каб перасцерагчы сям’ю ад розных інфекцыйных захворванняў, у панядзелак і аўторак нельга было трымаць у хаце што-небудзь бруднае, нямытае. У сераду вечарам гаспадыня кла¬ла пад страху хлеб, соль і мыла. 3 хлебам і свянцоным велікодным яйкам на Юр’я першы раз скаціну выганялі ў поле. Мылам мыліся назаўтра раніцай.

Сэнс жыцця — кераміка

Увагу многіх наведвальнікаў Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея адразу прыцягвае калекцыя мастацкай керамікі Мікалая Несцярэўскага: пано, посуд, дэкаратыўная скульптура і пласты — каля 70 аўтарскіх работ.

Мяне вельмі ўражвае, калі бачу, як кавалак звычайнай гліны ў спрытных руках таленавітага мастака-кераміста ператвараецца ў адмысловую фігурку народнага музыкі або дзівосную фантастычную птушку. Творы гэтага кераміста кранаюць душу сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю.
— Вельмі прыемна, што шэраг маіх работ застанецца ў Дзятлаве, блізкім для сэрца горадзе, дзе прайшло незабыўнае юнацтва, — зазначыў Мікалай Лаўрэнцьевіч падчас перадачы музею сваіх твораў. — Няхай далучэнне да прыгожага абуджае ў людзях усё самае лепшае і заўсёды прыносіць радасць.

У мастака было шмат захапленняў, але менавіта кераміка стала сэнсам жыцця. Тут ён знайшоў сябе і ўласны мастацкі стыль. Вырабы Мікалая Несцярэўскага аздобілі інтэр’еры шматлікіх будынкаў у Мінску, Гродне і нават Валгаградзе. Мінчане добра ведаюць кафэ “Бульбяная” на праспекце Незалежнасці, дзе ўсе керамічныя вырабы — плён працы гэтага творцы. Кераміст з Дзятлава — адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў,
якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа”. Мастак аздобіў сваімі работамі краму “Мінск” у Валгаградзе, кавярні ў Салігорску і Светлагорску, працаваў над афармленнем будынка аэрапорта “Мінск-2”. Сцены Гродзенскага тэатра лялек, Дзятлаўскай гімназіі таксама ўпрыгожаны творамі майстра.

Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей

Паважаныя наведвальнікі Дзятлава.бай!

Прапануем Вашай увазе яшчэ адзін, спадзяёмся, што карысны дзятлаўскі рэсурс - старонку Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Дарэчы, спасылка ёсьць уверсе ў агульнай стужцы спасылак - правей "Перамогі".

Канцэпцыя і знешні выгляд сайта ўжо амаль закончаны і засталося толькі асноўнае - напаўненьне актуальнай і карыснай інфармацыяй, аўтарскімі артыкуламі, анонсамі выставаў і іншымі сьведкамі. Над чым цяпер і працуем. Калі ласка, усе пажаданьні і заўвагі чакаем убачыць у каментарыях да навіны.

Yandex cite