Дзятлаўшчына

Юльян Корсак - паэт са Стралы

13 лютага 1806 года нарадзіўся Юльян Корсак
У шэрагу знакамітых людзей Дзятлаўшчыны — беларускі польскамоўны паэт Юльян Корсак. Нарадзіўся ён 13 лютага 1806 года ў Слоніме, амаль усё сталае жыццё правёў у вёсцы Страла. Адукацыю пачаў са школы піяраў у Шчучыне. У 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Прагрэсіўныя ідэі ўніверсітэцкіх філаматаў і філарэтаў знайшлі спагадлівы водгук у яго сэрцы. Універсітэт скончыў у 1826 годзе. Жаданне акунуцца ў вір тагачасных культурных працэсаў прывяло яго ў Пецярбург. Але надоўга там не затрымаўся, неўзабаве вярнуўся на радзіму і з 1830 года стала жыў у вёсцы Страла на Дзятлаўшчыне. Тут адбылося яго станаўленне як паэта і перакладчыка, тут прайшлі лепшыя творчыя гады. Улюбёныя краявіды, гістарычная спадчына роднага краю, яго слынныя мясціны з’явіліся крыніцай мастацкага натхнення.
Памёр паэт 30 жніўня 1885 года ў Навагрудку.
У творчасці Юльян Корсак хіліўся да рамантычнага стылю лірычнай паэзіі. Зведаў значны ўплыў літаратурнай дзейнасці Адама Міцкевіча. Ва ўласных творах імкнуўся да раскрыцця ўнутранага свету чалавека, які цесна знітаваны з асяроддзем і які ўспрымае жыццё цераз прызму гістарычных падзей, сягаючы ажно да антычнасці. Не пазбягаў Корсак і скарыстання беларускіх і класічных фальклорных матываў.

Сядзібы Дзятлаўшчыны і Панямоння

Рэшце мясцовых сядзібаў пашчасціла ацалець празу віхуры дзесяцігоддзяў, іншыя засталіся толькі ў памяці. Гісторыя пакінула нам звесткі пра сядзібы ў вёсках Курпяшы, Дварэц, Лапушна, Міроўшчына, Нянадавічы, Страла, Боркі, Нагародавічы, Накрышкі, Раготна, Горка, Азяраны, Войневічы, у Казлоўшчыне. Што-нішто засталося ад сядзібы 1819 года ў Жыбартоўшчыне, у Жукоўшчыне. У Дзятлаве часткова захавалася сядзіба (палац) 1751 года.

На тэрыторыі Гродзеншчыны да 21 стагоддзя ацалела каля чатырох дзясяткаў разнастайных помнікаў сядзібна-паркавай архітэктуры, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Датуюцца яны ХVІ – пачаткам ХХ стагоддзяў, маюць, вядома, розную ступень захаванасці. І таму наш сумесны гістарычны абавязак – зберагчы іх для будучыні. Між іншым, 2013-і аб’яўлены ў Беларусі Годам беражлівасці.
Дзятлаўскі раён з пачатку 21 стагоддзя пачаў досыць актыўна развіваць ужо сучасны сядзібны турызм, аграэкатурызм. Турысты з іншых крыін едуць у наш край найперш па беларускасць, шукаюць унікальнасць нашай зямлі, нашай нацыі, душы беларускага народа. І нам трэба насустрач гэтаму руху паклапаціцца, каб сядзібы рознага кшталту -- паляўнічыя, для аматараў рыбалкі, этнаграфічныя, краязнаўчыя, культуралагічныя былі цікавыя. Каб наведвальнікі маглі сказаць потым, вярнуўшыся дахаты пасля вандроўкі, што ў Беларусі ёсць што паглядзець і для гэтага зроблены зручнасці.

Народная паэтка з вёскі Гезгалы

Ах, якое гэта было цудоўнае мерапрыемства! У зале дзятлаўскага раённага Дома культуры гучала музыка, песні, вершы, было шмат кветак, усмешак, добрых пажаданняў. І ўсё гэта адрасавалася ёй, Веры Ігнатаўне Хрышчановіч з вёскі Гезгалы.

Віноўніца ўрачыстасці мае 72 гады. Але не з нагоды дня нараджэння было гэтае мерапрыемства, а таму, што ў Гродзенскай друкарні выпушчана першая кніжка паэткі. Дакладней — дзве. Адна на беларускай, другая — на рускай мовах. Тая, што напісана па-беларуску, называецца “Тут уся мая душа”. Рэдагавала выданне культуролаг, магістр гісторыі з Гродна Валянціна Цыганец. Некалі яна ўпершыню пачула вершы Веры Ігнатаўны і зрабіла ўсё дзеля таго, каб яны, так бы мовіць, пабачылі свет, каб іх магла прачытаць вялікая колькасць людзей.

Да 75-годдзя з дня нараджэння Вячаслава Антонавіча Чамярыцкага

22 ліпеня сваё 75-годдзе адзначае вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі літаратуразнавец, крытык, кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі. Нарадзіўся ён у 1936 г у маляўнічым кутку Дзятлаўшчыны на беразе р. Ятранкі ў в.Рабкі ў беднай сялянскай сям’і. У 1938 г. яго бацькі пераехалі ў Навагрудак, але яшчэ каля дзесяці гадоў кожнае лета будучы вучоны праводзіў у вёсцы ў сваякоў, дзе пасвіў жывёлу, працаваў на полі.

Не ўратавалася Ятвезь ад згубы

Ах, якая гэта была вёска! Каля ста двароў налічвалася ў Ятвезі, у сем'ях па трое-чацвёра дзяцей, а то і больш. На вуліцах звінелі іхнія галасы. Тут нават школа свая была. А якія ладзілі вяселлі з народнымі абрадамі ды песнямі пад гармонік, скрыпку, бубен! Хоць гэта вёска ніколі не была цэнтрам калгаса, але і тут вырашылі пабудаваць клуб і бібліятэку: і сталыя, і маладыя цягнуліся да культуры. Тут ладзілі канцэрты мастацкай самадзейнасці, радавалі не толькі мясцовы люд, а і жыхароў навакольных вёсак.

Праз некаторы час непадалёку ад вёскі пабудавалі новую прыгожую школу, якая стала сярэдняй і называлася Жыбартоўскай па назве недалёкіх Жыбартоў. Сюды хадзілі вучыцца дзеці з Ятвезі, Агароднік, Русакоў, Разважы, Стралы, Алёхнавіч, Нямковіч.

Ігнат Іпалітавіч Дамейка - 207-я гадавіна з Дня народзінаў

Ігнат Іпалітавіч ДАМЕЙКА (польск.: Ignacy Domeyko; 31 ліпеня 1802, маёнт. Мядзведка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл.) — 23 студзеня 1889, Сант'яга, Чылі; Псеўданім і крыптанім: Жэгота; Ign. D.), удзельнік паўстання 1830—1831, польскі і чылійскі навуковец-даследчык, рэфарматар, геолаг, мінеролаг, мемуарыст.

Походзіў з Дамейкаў герба Даленга, сын Іпаліта і Караліны Дамейкаў, брат Адама. У 1816 скончыў Шчучынскую піярскую школу, у 1822 фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, атрымаў ступень магістра матэматыкі. У 1819 уступіў у студэнцкі «Саюз сяброў», потым у Таварыства філаматаў. Арыштаваны ў лістападзе 1823; высланы пад нагляд паліцыі ў в. Заполле (цяпер Лідскі р-н), потым у в. Жыбуртоўшчыну (цяпер Дзятлаўскі р-н). Яму было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю.

Каму хвала, або Чатыры вёскі — адзін лёс?

У адным з апошніх нумароў Дзятлаўскай раённай газеты прачытала аб’яву. Прыводжу даслоўна: “У сувязі з адсутнасцю асфальтавага пакрыцця ў вёсках Лозкі, Лявонавічы, Скіпоравічы, Малдавічы і ў сувязі з неаднаразовымі зваротамі жыхароў гэтых вёсак у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Казлоўшчынскі пасялковы выканаўчы камітэт просіць вадзіцеляў аўтатранспартных сродкаў абмяжоўваць хуткасць руху да сарака кіламетраў у гадзіну пры руху праз вышэйназваныя вёскі або рухацца па аб’язных дарогах”. Гэтая просьба выкліканая тым, што жылыя дамы ў вёсках Лозкі, Лявонавічы, Скіпоравічы і Малдавічы размешчаны паблізу праязной часткі дарог, а вялікае скапленне пылу, выкліканае рухам аўтатранспартных сродкаў, парушае жыццядзейнасць людзей, якія там пражываюць”.
Іншымі словамі, ездзіце, людзі, памалу або ездзіце загуменнямі.

Каб не ўказальнікі, то старонні чалавек і не разабраўся б, дзе канчаецца адна вёска і пачынаецца другая — настолькі яны злучаны. Злучаны не толькі геаграфічным становішчам, але і агульным лёсам: усе вёскі імкліва выміраюць. Нібы якая напасць на іх: і пыл такі, што ні бялізну высушыць, ні акно адчыніць. І вада ў калодзежах смярдзючая, бо сцякае яна з палёў, пасыпаных рознымі ўгнаеннямі.

Жыццё, прысьвечанае паэзіі

Сёлета спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння В. М. Шымука. Мерапрыемства, прымеркаванае юбілею паэта, адбылося ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы. На ім прысутнічалі ўдзельнікі аб’яднанняў “Пралеска”, “Сучаснік”, “Сустрэча”.

На пачатку ўсіх прысутных павітала вядучая мерапрыемства Л. І. Шыцько. Яна адзначыла адметнасць лірыкі В. Шымука, падкрэсліла, што чытачоў цікавіць яго творчасць.

Сваімі ўспамінамі пра Віктара Шымука з прысутнымі падзяліўся А. Ю. Лях. Ён быў знаёмы з паэтам, раза з ім вучышся ў школе. Аляксандр Юльянавіч адзначыў, што Віктар Шымук пачаў пісаць вершы яшчэ ў шокльныя гады, будучы вучнем чацвёртага класа. І ўсё жыццё паэт пісаў толькі на беларускай, на матчынай мове.

Творчасць Віктара Шымука актыўна вывучаецца вучнямі гімназіі Дзятлава. Падчас мерапрыемства з дакладамі выступілі вучаніцы 10 “Б” і 10 “В” класаў гімназіі, якія расказалі пра асаблівасці лірыкі паэта, яе вобразнасць і тэматыку.

Кацярына Дораш засяродзіла ўвагу прысутных на вобразах малых рэк Дзятлаўшчыны ў вершах В. Шымука. Наталля Юранкова расказала пра саблівасці ваеннай тэматыкі лірыкі паэта. Даклад Кацярыны Кугура быў прысвечаны песеннасці лірыкі В. Шымука.

Yandex cite