музей

На вадаёмах Панямоння

Пад такой назвай 15 снежня у Дзятлаўскім музеі пачала працаваць выстава з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. На ёй прадстаўлена больш за 40 экспанатаў. Сярод іх кнігаўка, турухтан, вялікая паганка, выдра, вялікі бугай, бабёр і іншыя.

Прынёманскі край! Гэта адзін з маляўнічых куткоў роднай Беларусі. Прырода шчодра надзяліла наш край разнастайнымі ландшафтамі, вядомымі сваёй непаўторнай прыгажосцю, багаццем рэк і азёр, векавымі пушчамі і асобнымі невялікімі ўчасткамі лесу з каштоўнымі пародамі дрэў. У нашым краі звыш 180 помнікаў прыроды. Гэта старажытныя паркі, каштоўныя сваім прыродным складам, геалагічныя агаленні і камяні – волаты, якія распавядаюць аб гісторыі прыроды нашага краю.

Даволі багатая фауна Гродзеншчыны. На тэрыторыі вобласці можна сустрэць звыш 50 відаў млекакормячых. Гэта грацыёзныя дзікія козы, флегматычныя барсукі, каварныя рысі, выдры, куніцы, вогненныя лісы.

Падарунак роднаму гораду

Беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец, сябра Саюза беларускіх мастакоў Мікалай Несцярэўскі з Мінска на Дзень Незалежнасці адкрыў у Дзятлаўскім раённым Доме культуры сваю персанальную выставу і ўсе яе экспанаты падараваў роднаму гораду.
Сотні жыхароў Дзятлава прыйшлі 3 ліпеня ў мясцовы РДК, дзе на двух паверхах адкрылася прыватная выстава Мікалая Несцярэўскага. Кіраўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама, сябры, знаёмыя і простыя гараджане шчыра віталі свайго знакамітага і шчодрага земляка. І хоць нарадзіўся Мікалай Лаўрэнцьевіч на Беласточчыне ў вёсцы Бацюты, пасля вайны сям'я іх пераехала на Дзятлаўшчыну. "У 1945 годзе палякаў перасялялі ў Польшчу, а беларусаў — на ўсход. Мы вельмі не хацелі пакідаць Бацюты. Бо ў нас было 18 гектараў зямлі, 5 кароў, некалькі коней, шмат свіней, авечак, сотні курэй. Мы жылі даволі добра. Праўда, шмат працавалі, але і шмат мелі. Жылі заможна ажно да восені 1939 года. А потым жыць стала цяжка. І мы пад прымусам пераехалі да сваякоў у Дзятлава на Гарадзеншчыну", — прыгадаў на адкрыцці выставы Мікалай Несцярэўскі, якому ў сакавіку сёлета споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння.

Выстава "Халодная зброя"

З 21 лістапада да 7 снежня ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава віцебскага калекцыянера Рамазана Махмудава. На ёй прадстаўлена халодная зброя ўсіх часоў і народаў: першабытны чалавек з каменнай сякерай, зброя старажытных цывілізацый Егіпта, Грэцыі, Рыма, мячы і сякеры вікінгаў, пісталеты-нажы піратаў, іх абардажныя кутласы, рыцарскія мячы, шаблі, арбалеты, вырабы сучасных майстроў.

Падрабязьней на старонцы музея...

Yandex cite