Юльян Корсак

Юльян Корсак - паэт са Стралы

13 лютага 1806 года нарадзіўся Юльян Корсак
У шэрагу знакамітых людзей Дзятлаўшчыны — беларускі польскамоўны паэт Юльян Корсак. Нарадзіўся ён 13 лютага 1806 года ў Слоніме, амаль усё сталае жыццё правёў у вёсцы Страла. Адукацыю пачаў са школы піяраў у Шчучыне. У 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Прагрэсіўныя ідэі ўніверсітэцкіх філаматаў і філарэтаў знайшлі спагадлівы водгук у яго сэрцы. Універсітэт скончыў у 1826 годзе. Жаданне акунуцца ў вір тагачасных культурных працэсаў прывяло яго ў Пецярбург. Але надоўга там не затрымаўся, неўзабаве вярнуўся на радзіму і з 1830 года стала жыў у вёсцы Страла на Дзятлаўшчыне. Тут адбылося яго станаўленне як паэта і перакладчыка, тут прайшлі лепшыя творчыя гады. Улюбёныя краявіды, гістарычная спадчына роднага краю, яго слынныя мясціны з’явіліся крыніцай мастацкага натхнення.
Памёр паэт 30 жніўня 1885 года ў Навагрудку.
У творчасці Юльян Корсак хіліўся да рамантычнага стылю лірычнай паэзіі. Зведаў значны ўплыў літаратурнай дзейнасці Адама Міцкевіча. Ва ўласных творах імкнуўся да раскрыцця ўнутранага свету чалавека, які цесна знітаваны з асяроддзем і які ўспрымае жыццё цераз прызму гістарычных падзей, сягаючы ажно да антычнасці. Не пазбягаў Корсак і скарыстання беларускіх і класічных фальклорных матываў.

Yandex cite