4 красавіка споўнілася 455 гадоў ад нараджэння Льва Сапегі

Вялікі канцляр Вялікага княства літоўскага, вялікі гетман літоўскі, аўтар Статуту ВКЛ 1588 года Леў Сапега вывеў свой род на першыя пазіцыі ў тагачаснай дзяржаве беларусаў і залатымі літарамі ўпісаў сваё імя ў гісторыю сярэднявечнай Еўропы. З 1608 года гісторыя Дзятлава таксама стала звязана са знакамітым і вядомым ў ВКЛ родам – родам Сапегаў.


Леў Іванавіч Сапега
(4.4.1557-7.7.1633)

Праваслаўны Сапега атрымаў перадавую пратэстацкую адукацыю: спачатку ў Нясвіжскай школе, якой апекаваўся сам Мікалай Радзівіл Чорны, а пасля — ад 13-гадовага ўзросту — у Лейпцыгскім універсітэце.

Яму давалася рымскае і царкоўнае права, яго захапляла мастацтва Рэнесансу. Кароль і вялікі князь Сцяпан Батура, да якога Сапегу прынялі на службу па вяртанні на радзіму, быў уражаны эрудыцыяй юнака.

У 23-гадовым веку Леў быў ужо сакратаром гаспадарскім, а праз год — пісарам гаспадарскім у Канцылярыі ВКЛ.

Ён ініцыяваў стварэнне Трыбунала ВКЛ — найвышэйшага суду краіны.

Магутны інтэлект знаходзіў прымяненне не толькі ў юрыспрудэнцыі, але і ў палітыцы, фінансах. Быў ён і ваяром: маладым браў удзел у Лівонскай вайне, сабраны на яго грошы гусарскі полк удзельнічаў у аблозе Пскова Батурам.

Наступны кароль, Жыгімонт Ваза, даручыў Сапегу працу над трэцяй рэдакцыяй Статуту ВКЛ — зводу законаў краіны.

У 1588 — у 31-гадовым узросце — Сапега выдае за свае грошы Статут.

Пра яго якасць і ўніверсальнасць можа сведчыць тое, што нашы продкі будуць карыстацца ім да 1840 года.

«Чалавеку годнаму нічога не мусіць быць даражэйшым за вольнасць», — пісаў Сапега ў прадмове да Статуту.

У 1589 Леў Сапега робіцца канцлерам ВКЛ (прэм’ер-міністрам, калі можна так умоўна накладаць тагачасныя пасады на сённяшнія рэаліі) і застанецца ім 34 гады. Пазней Сапега акумулюе ў руках яшчэ большую ўладу: у 1621 ён зробіцца ваяводам віленскім (г.зн. кіраўніком сталічнага рэгіёна ВКЛ), а ад 1625 — і вялікім гетманам літоўскім (міністрам абароны).

Слонім, Ружаны, Зэльва, Ласосін, Асвея, Бешанковічы, Бялынічы, Цяцерын, Круглае, Дзятлава, Чарнобыль, Іказнь, Друя, Свіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел — і гэта яшчэ не поўны пералік уладанняў Сапегі.

Яго багацце дазваляла яму фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў пачатку XVII ст.

Сапега нарадзіўся праваслаўным, пад уплывам Мікалая Радзівіла прыняў кальвінізм, а ў 1588 перахрысціўся ў каталіцтва.

Ён падтрымліваў ідэю царкоўнай уні, бо бачыў у ёй сродак дасягнуць рэлігійнага міру.

Але Сапега рэзка выступаў супраць гвалтоўнага насаджэння любой веры.

Дыпламат Сапега ўзначальваў дыпламатычныя місіі ВКЛ у Маскве, мецэнат Сапега будаваў храмы — касцёлы (у т.л. Віленскі касцёл Св. Міхаіла, дзе пасля быў пахаваны), уніяцкія і праваслаўныя цэрквы, — адкрываў школы, шпіталі, прытулкі, кніжнік Сапега сабраў у сваіх маёнтках бібліятэку з трох тысяч тамоў.

Сапега — як і Скарына, Гусоўскі, Астрожскі — быў адным з увасабленняў таго самага «залатога веку» беларускай гісторыі, адзначае сайт http://www.gazetaby.com/ са спасылкай на “Нашу Ніву”.

Леў Сапега жыве ў шматлікіх гістарычных працах, у апавяданнях, аповесцях, раманах і вершах. А найбольшым і найбліжэйшым ад нас матэрыяльным помнікам Льву Сапегу сёння можна лічыць велічны Ружанскі палац, які пачаў стварацца пры ім, і які цяпер пакрысе рэстаўруецца.

Такая вось повязь часоў.

Yandex cite