БРОНЗА – САНАТОРЫЮ “РАДОН”

З прафесійнага конкурсу “Брэнд года” прадстаўнікі санаторыя “Радон” прывезлі бронзавы медаль і дыплом прызёра.
26-27 студзеня ў Мінску, у Нацыянальным музеі, а затым у Нацыянальнай бібліятэцы праходзіў конкурс і шанаванне пераможцаў штогадовага конкурсу “Брэнд года”. Мерапрыемства праводзілася ў 11-ы раз. І ўпершыню за 11 гадоў існавання гэтага своеасаблівага спаборніцтва ў кагорту пераможцаў і прызёраў увайшоў санаторый — наш санаторый “Радон”.
– Да конкурсу мы рыхтаваліся вельмі грунтоўна, — расказала загадчыца аддзела санаторыя “Радон” Таццяна Губко. – Падрыхтавалі пакет дакументаў да ўдзелу ў конкурсе і паспяхова прэзентавалі санаторый міжнароднаму журы. Дарэчы, журы было вельмі прадстаўнічае – у яго ўваходзілі эксперты з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі. Да ўдзелу заявіліся 28 каманд. Мы прэзентаваліся ў намінацыі “Спорт, турызм, адпачынак” і паспяхова вытрымалі экзамен.
Удзел у прафесійным конкурсе “Брэнд года”, бронзавы медаль і дыплом – гэта прызнанне плённай работы ўсяго калектыву санаторыя. Гэта – своеасаблівы знак якасці, які дазваляе ўпэўнена выходзіць на міжнародны рынак, актыўна прапаноўваць свае паслугі.
Як паведаміў дырэктар санаторыя “Радон” Уладзімір Ёда, штогод санаторый “Радон” разам з “Баравічком” прымае каля 10 тысяч дарослых і дзяцей на аздараўленне, лячэнне і адпачынак. У “Радоне” папраўлялі здароўе прадстаўнікі 11 краін свету. Геаграфія шырокая: Германія, Польшча, Расія, Україна, краіны Балтыі, Італія, нават ЗША і Лівія.
Пра беларускі санаторый з яго ўнікальнымі вадой, гразямі, методыкамі аздараўлення ведаюць. Але “Брэнд года” будзе спрыяць большай канкурэнтаздольнасці “Радона” на рынку аздараўленчых паслугаў.
Новы, 2012 год, для санаторыя “Радон” пачаўся паспяхова і прыемна. Дзякуючы “Брэнду года”, калектыў атрымаў не толькі “бронзу” і дыплом, але і кожны работнік – прыбаўку да зарплаты.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Газета "Перамога"

Yandex cite