Народная паэтка з вёскі Гезгалы

Ах, якое гэта было цудоўнае мерапрыемства! У зале дзятлаўскага раённага Дома культуры гучала музыка, песні, вершы, было шмат кветак, усмешак, добрых пажаданняў. І ўсё гэта адрасавалася ёй, Веры Ігнатаўне Хрышчановіч з вёскі Гезгалы.

Віноўніца ўрачыстасці мае 72 гады. Але не з нагоды дня нараджэння было гэтае мерапрыемства, а таму, што ў Гродзенскай друкарні выпушчана першая кніжка паэткі. Дакладней — дзве. Адна на беларускай, другая — на рускай мовах. Тая, што напісана па-беларуску, называецца “Тут уся мая душа”. Рэдагавала выданне культуролаг, магістр гісторыі з Гродна Валянціна Цыганец. Некалі яна ўпершыню пачула вершы Веры Ігнатаўны і зрабіла ўсё дзеля таго, каб яны, так бы мовіць, пабачылі свет, каб іх магла прачытаць вялікая колькасць людзей.
Бываюць і зборнікі больш салідныя, і аўтары больш знакамітыя. Але Вера Ігнатаўна адметна тым, што ўвесь свой немалы век пражыла ў вёсцы. Некалі доўгі час працавала кінамеханікам, яшчэ на падводзе з вёскі ў вёску вазіла свае кіношныя прычындалы, каб парадаваць сельскіх жыхароў і дзятву, якой тады ўсюды было вельмі шмат.
У час такіх паездак па лясных і палявых дарогах у душы пачалі нараджацца вершы. Прынесла іх у рэдакцыю дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”, пачала друкавацца, а потым стала наведвацца на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Пралескі”, якое ўзначальваў доктар з Наваельні паэт Яўген Матвееў.
Вера Ігнатаўна вельмі светлы і шчыры чалавек. Яна як можа дапамагае сваёй шматлікай радні, з’яўляецца старастам Нагародавіцкай царквы, што непадалёку ад вёскі Гезгалы, клапоціцца аб добраўпарадкаванні свайго населенага пункта, чытае вершы са сцэны гезгалаўскага Дома культуры, у мясцовай гімназіі. Ды што там у мясцовай! Яе ведаюць у кожным кутку раёна, бо, лічы, няма на Дзятлаўшчыне такой школы ці клуба, дзе б яна ні выступала.
Гэтая слаўная жанчына ніколі не пройдзе міма чужога гора. Толькі адзін выпадак раскажу. У іхняй мясцовасці жыве сляпы хлопец-музыкант. То брацік часта прыводзіць яго на сядзібу да Веры Ігнатаўны. Двум творчым людзям заўсёды ёсць пра што пагутарыць. А ўлетку, калі паспеюць ягады, Вера Ігнатаўна запрашае сваіх гасцей частавацца імі проста з куста. Асалода! Усё свежае, смачнае, вітаміннае.
Дзвюх слаўных дачок выгадавала Вера са сваім мужам Пятром, заўсёды былі для іх падтрымкай, добрымі дарадцамі. А калі мужа не стала, яна ўзваліла на свае плечы адказнасць за дачок, а потым за ўнукаў, унучку. Усіх мае чатыры. Амаль усе ўжо дарослыя. Унучка Таня жыве ў Германіі, не так даўно выйшла там замуж. Ёсць нашчадкі і ў Кіеве, і ў Лідзе.
Яе сваякі, сябры, паклоннікі таленту, вучні Гезгалаўскай гімназіі, прадстаўнікі Нагародавіцкай праваслаўнай царквы, работнікі культуры раёна і яшчэ шмат добрых людзей прыйшлі, каб павіншаваць Веру Хрышчановіч з днём нараджэння яе кніжак. А яна, шчаслівая, сядзела на сцэне за столікам і чытала свае вершы. Яе вершы і байкі таксама чыталі ўдзельнікі мастацкай сама-дзейнасці. Такой душэўнай цеплыні, такіх шчырых слоў сцены гэтай залы, мабыць, не чулі даўно.

Леанарда Юргілевіч
ГС

Yandex cite