Не ўратавалася Ятвезь ад згубы

Ах, якая гэта была вёска! Каля ста двароў налічвалася ў Ятвезі, у сем'ях па трое-чацвёра дзяцей, а то і больш. На вуліцах звінелі іхнія галасы. Тут нават школа свая была. А якія ладзілі вяселлі з народнымі абрадамі ды песнямі пад гармонік, скрыпку, бубен! Хоць гэта вёска ніколі не была цэнтрам калгаса, але і тут вырашылі пабудаваць клуб і бібліятэку: і сталыя, і маладыя цягнуліся да культуры. Тут ладзілі канцэрты мастацкай самадзейнасці, радавалі не толькі мясцовы люд, а і жыхароў навакольных вёсак.

Праз некаторы час непадалёку ад вёскі пабудавалі новую прыгожую школу, якая стала сярэдняй і называлася Жыбартоўскай па назве недалёкіх Жыбартоў. Сюды хадзілі вучыцца дзеці з Ятвезі, Агароднік, Русакоў, Разважы, Стралы, Алёхнавіч, Нямковіч.

Я некалі была ў Ятвезі, мела там сябровак. Памятаю прыгожыя дамы ў засені садоў, чыстыя вуліцы, кветнікі. Як жа была здзіўлена і ўражана да глыбіні душы тым, што ўбачыла ў гэтай вёсцы цяпер. Сумам і запусценнем веяла ад паваленых платоў, здзічэлых садоў, закінутых, замеценых снегам хат, у якіх ужо даўно ніхто не паліў у печы, не пратаптаў сцяжынкі да калодзежаў і хлявоў. Толькі вокны, наглуха завешаныя і сярод белага дня, нібы бяльмом зацягнутыя вачніцы, цьмяна пазіралі на наваколле. Па іх, нібы слёзы, сцякалі мокрыя ў гэты адліжны дзень сняжынкі.

Вяскоўцы расказвалі, што школу ўжо даўно зачынілі і нават разабралі ды бярвенне звезлі, каб не валялася. І я ўбачыла тое некалі вясёлае, а цяпер вельмі самотнае месца. У высокіх таполях, якімі па перыметры быў абсаджаны школьны двор, і якія захаваліся цяпер, гаспадарыў вецер. Па дрэвах здзічэлага, нікому не патрэбнага саду, скакалі птушкі. І такая густая, удушлівая цішыня, як на могілках... Няцяжка зразумець, што горкая доля наканавана ўсім суседнім вёскам, калі зачынілі і разабралі школу. А дзетак, якія крыху ёсць у гэтай мясцовасці, падвозяць у адну з Дзятлаўскіх школ на аўтобусе. Толькі ідзе ён надта рана, і некаторыя бацькі шкадуюць будзіць сваіх сыноў і дачок, таму стараюцца па чарзе вазіць іх самі.

Ятвезь, магчыма, вымерла б зусім, як вымерлі дзясяткі і сотні беларускіх вёсак, каб не блізкае суседства з райцэнтрам. А так у некаторых хатах цепліцца жыццё. Хаты, дзе жывуць яшчэ даволі маладыя людзі, можна пазнаць беспамылкова: яны пафарбаваны ў светлы колер, ля іх добрыя платы, дагледжаныя сядзібы. І амаль усе гаспадары працуюць у Дзятлаве: хто на будоўлі, хто прыбіральшчыцай. Зарабляюць няшмат, але і гэтым вельмі даражаць, бо дзе тую работу цяпер знойдзеш. Некаторыя спрабуюць займацца фермерствам. У калгас не хочуць, бо якія там заробкі. Калгас цяпер — самы крайні выпадак.

Некалі мясцовая гаспадарка называлася "Зара". Гэта яшчэ калі вёска жыла паўнакроўным жыццём. Потым яе аб'ядналі з другой, якая называлася "Багатая ніва". Гучная назва, што і казаць. Толькі, нягледзячы на "багацце", неўзабаве і ніва, як кажуць, загадала доўга жыць. Цяпер калгас "Русь-Агра" і кантора яго знаходзіцца амаль у дзесяці кіламетрах ад Ятвезі. Калі хочаш ехаць у цэнтр у вёску Раклевічы на працу, бо там майстэрні, то аўтобус і завязе, і назад прывязе. Але жадаючых мала.

Вельмі самотна, каб не сказаць больш, выглядае цяпер Ятвезьскі, так бы мовіць, ачаг культуры. Ды гэта і не ачаг ужо, а адны ўспаміны, бо яму вынесены прысуд: разабраць. А які яшчэ дабротны будынак! Ён узведзены ў пачатку шасцідзясятых гадоў. Мясцовыя майстры пастараліся на славу: бярвенні ледзь не габлявалі, і таму сцены роўныя, вугал зроблены па-майстэрску, людзі казалі, што такі вугал называецца нямецкім. Можа, і шчаслівыя тыя ўмелыя будаўнікі, што не дажылі да сённяшняга дзікунства, бо душа разрывалася б ад таго, што ўбачылі. Вагонку, якой абшыты клуб і бібліятэка, не адрывалі па-гаспадарску, каб выкарыстаць для чаго іншага (яшчэ ж дабротная), а паламалі так, нібы кралі і спяшаліся, каб ніхто не ўбачыў. І ў сярэдзіне ўсё развалена, разгромлена, паламана. Як перад канцом свету.

Плакаць хацелася, калі ўбачыла на падлозе зваленыя ў кучу грампласцінкі. А якія на іх музычныя творы! Бетховен, Чайкоўскі, Моцарт, "На канцэртах Уладзіміра Высоцкага", датавана 1975 годам і шмат чаго яшчэ. Разаб'ецца, змарнуецца. Нібыта нічога нам ужо і не патрэбна. Ды так яно, прынамсі, і ёсць. Па радыё ці тэлевізары паслухаем, як сучасныя "зоркі эстрады" праспяваюць "хіты" накшталт "Я ромашка, у меня полосатая тельняшка". (Уражаннем аб гэтым "шэдэўры" нядаўна падзяліўся на старонках "Народнай Волі" адзін з чытачоў.)

Не патрэбна ні культура, ні мова, ні спадчына. Размова пра гэта калі і вядуцца, то пустыя, не падмацаваныя справамі.

З Ятвезі выйшла нямала цудоўных людзей. Гэта ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Іван Трайнель, Сцяпан Валанцэвіч, Іосіф Стракоўскі, Мікалай Сурма і многія іншыя. Франц Кліз першы з вёскі атрымаў вышэйшую адукацыю: скончыў Вільнюскі ўніверсітэт. Ён праклаў дарогу сваім маладым землякам, для якіх потым вучыцца ў ВНУ стала звычайнай з'явай.

Жыхары Ятвезі, пайшоўшы на пенсію, бывае, з горада вяртаюцца ў старыя бацькоўскія хаты, каб трымаць хоць маленькую гаспадарку ды дапамагчы дзецям. Як, напрыклад, Уладзімір Багдзель, які некалі працаваў загадчыкам мясцовага клуба і які цяпер са слязамі на вачах расказваў мне, сустрэўшы ў Дзятлаве, што з гэтым клубам сталася.

Усе яны — Трайнялі, Свібы, Латушкі, Багдзялі, Стракоўскія і іншыя не нажылі вялікага багацця, ды не пасаромілі гонар сваёй вёскі, сваёй краіны. Балюча і крыўдна ім цяпер дажываць век у самоце, у пусцеючай вёсцы, дзе магазін працуе праз дзень, а неўзабаве, бядуюць, і зусім закрыецца.

Кожнага, хто ўязджае ў Ятвезь, сустракаюць два крыжы і помнічак-абярэг. Усё ўпрыгожана штучнымі кветкамі, як след дагледжана. І помнічак-абярэг з распяццем Ісуса Хрыста таксама. Ён тут пастаўлены ў 1906 годзе, каб захаваць вёску, засцерагчы ад усякага ліха. Ды не ўбераглася Ятвезь ад згубы. Нягледзячы на тое, што і ад райцэнтра блізка, і асфальтаваная дарога ля яе прабягае, і газаправод праходзіць.

Вымірае Ятвезь. Хоць не так імкліва, як іншыя вёскі, але вымірае. Яе знікненне з твару зямлі — пытанне часу. І, відаць, марна спадзявацца на перамены да лепшага. А як хацелася б!

Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ.
Дзятлаўскі раён.

Народная Воля

Yandex cite