Падарунак роднаму гораду

Беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец, сябра Саюза беларускіх мастакоў Мікалай Несцярэўскі з Мінска на Дзень Незалежнасці адкрыў у Дзятлаўскім раённым Доме культуры сваю персанальную выставу і ўсе яе экспанаты падараваў роднаму гораду.
Сотні жыхароў Дзятлава прыйшлі 3 ліпеня ў мясцовы РДК, дзе на двух паверхах адкрылася прыватная выстава Мікалая Несцярэўскага. Кіраўніцтва Дзятлаўскага райвыканкама, сябры, знаёмыя і простыя гараджане шчыра віталі свайго знакамітага і шчодрага земляка. І хоць нарадзіўся Мікалай Лаўрэнцьевіч на Беласточчыне ў вёсцы Бацюты, пасля вайны сям'я іх пераехала на Дзятлаўшчыну. "У 1945 годзе палякаў перасялялі ў Польшчу, а беларусаў — на ўсход. Мы вельмі не хацелі пакідаць Бацюты. Бо ў нас было 18 гектараў зямлі, 5 кароў, некалькі коней, шмат свіней, авечак, сотні курэй. Мы жылі даволі добра. Праўда, шмат працавалі, але і шмат мелі. Жылі заможна ажно да восені 1939 года. А потым жыць стала цяжка. І мы пад прымусам пераехалі да сваякоў у Дзятлава на Гарадзеншчыну", — прыгадаў на адкрыцці выставы Мікалай Несцярэўскі, якому ў сакавіку сёлета споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння.

На дзятлаўскай зямлі і прайшлі юнацкія гады мастака. Тут ён пачаў свой працоўны шлях, адсюль пайшоў, як кажуць, у "вялікі свет". Прырода шчодра надзяліла талентамі Мікалая Несцярэўскага. Спачатку ён працаваў у арцелі па вырабе мэблі, сталяром. Там авалодаў майстэрствам апрацоўкі дрэва. А калі працаваў у Дзятлаўскім раённым Доме культуры інструктарам — арганізаваў духавы аркестр. Мікалай Лаўрэнцьевіч любіць і ўмее спяваць. Дарэчы, падчас адкрыцця выставы сваім землякам ён цудоўна выканаў раманс Максіма Багдановіча "Зорка Венера".

Але сэнс свайго жыцця Мікалай Несцярэўскі знайшоў у галіне мастацкай керамікі. Праца з глінай, яе пластыка, апрацоўка заўсёды вабілі юнака. Ён паехаў працаваць на фабрыку мастацкай керамікі, што ў Івянцы, пераймаў вопыт вядомых майстроў.

У 1969 годзе скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў) і да самай пенсіі працаваў на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце. Працаваў плённа. Пазнаў такія сакрэты апрацоўкі керамікі, якія і цяпер не могуць паўтарыць сучасныя беларускія майстры.

Творы мастака сёння ўпрыгожваюць фасады і інтэр'еры многіх будынкаў і ўстаноў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён адзін з аўтараў афармлення станцыі метро "Плошча Якуба Коласа", кавярні "Бульбяная" ў Мінску, будынкаў аэрапорта "Мінск-2". Сцены Гродзенскага тэатра лялек упрыгожваюць таксама яго творы. Мікалай Лаўрэнцьевіч займаўся афармленнем магазіна "Мінск" у Валгаградзе, яго працы сёння можна таксама ўбачыць у аздараўленчым цэнтры "Баравічок" на Дзятлаўшчыне, у Дзятлаўскай гімназіі № 1, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гістарычным музеі, Дзятлаўскім краязнаўчым музеі, у музеях за межамі Беларусі і ў іншых месцах. Мікалай Несцярэўскі выканаў узоры капітэлі, пілястры, кранштэйна, разетак карнізаў і іншых упрыгожванняў для Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сваім землякам беларускі мастак падараваў партрэты-барэльефы ў кераміцы каралёў і князёў Вялікага Княства Літоўскага, беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, палітыкаў, вучоных. У дар Дзятлаву мастак пакінуў керамічныя і дэкаратыўныя скульптуры, розныя вырабы, посуд, карціны жывапісу, абразы. "Вельмі прыемна, што шэраг маіх работ застаецца ў Дзятлаве — горадзе майго юнацтва. Няхай дакрананне да прыгожага сцвярджае ўсё лепшае, самае добрае ў людзях, дорыць ім радасць", — сказаў Мікалай Несцярэўскі ў час перадачы сваіх твораў Дзятлаву і дзятлаўчанам.

Звязда

Yandex cite