Сядзібы Дзятлаўшчыны і Панямоння

Рэшце мясцовых сядзібаў пашчасціла ацалець празу віхуры дзесяцігоддзяў, іншыя засталіся толькі ў памяці. Гісторыя пакінула нам звесткі пра сядзібы ў вёсках Курпяшы, Дварэц, Лапушна, Міроўшчына, Нянадавічы, Страла, Боркі, Нагародавічы, Накрышкі, Раготна, Горка, Азяраны, Войневічы, у Казлоўшчыне. Што-нішто засталося ад сядзібы 1819 года ў Жыбартоўшчыне, у Жукоўшчыне. У Дзятлаве часткова захавалася сядзіба (палац) 1751 года.

На тэрыторыі Гродзеншчыны да 21 стагоддзя ацалела каля чатырох дзясяткаў разнастайных помнікаў сядзібна-паркавай архітэктуры, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Датуюцца яны ХVІ – пачаткам ХХ стагоддзяў, маюць, вядома, розную ступень захаванасці. І таму наш сумесны гістарычны абавязак – зберагчы іх для будучыні. Між іншым, 2013-і аб’яўлены ў Беларусі Годам беражлівасці.
Дзятлаўскі раён з пачатку 21 стагоддзя пачаў досыць актыўна развіваць ужо сучасны сядзібны турызм, аграэкатурызм. Турысты з іншых крыін едуць у наш край найперш па беларускасць, шукаюць унікальнасць нашай зямлі, нашай нацыі, душы беларускага народа. І нам трэба насустрач гэтаму руху паклапаціцца, каб сядзібы рознага кшталту -- паляўнічыя, для аматараў рыбалкі, этнаграфічныя, краязнаўчыя, культуралагічныя былі цікавыя. Каб наведвальнікі маглі сказаць потым, вярнуўшыся дахаты пасля вандроўкі, што ў Беларусі ёсць што паглядзець і для гэтага зроблены зручнасці.

У добрым выглядзе ў Прынямоння зберагліся сядзібныя комплексы ў Поразаве, Красках, Падароску, Гнезне, Цеаліне (Ваўкавыскі раён), Свіслачы (Гродзенскі раён), Малым Мажэйкаве (Лідскі раён). Некаторыя сядзібы зберагліся часткова -- і з гэтай прычыны яны занесены ў спіс помнікаў архітэктуры. На Ашмяншчыне захаваліся рэшткі сядзібы Дарагастайскіх у вёсцы Мураваная Ашмянка, вядомай перш за ўсё колішняй друкарняй. Напрыканцы ХVI стагоддзя К. Дарагастайскі ў сваёй сядзібе-друкарні выдаў першую на тэрыторыі Рэчы Паспалітай кнігу па анатоміі і фізіялогіі каня – «Гіпіка», якая ў ХVII – ХVIII стагоддзях перавыдавалася 7 разоў.
Адметны свет сядзібаў знаходзіць адлюстраванне ў літаратурных творах А. Міцкевіча («Пан Тадэвуш»), Э. Ажэшкі («Над Нёманам»). У былым палацы апошняга канцлера ВКЛ Храптовіча Міцкевіч працаваў над «Гражынай» і «Конрадам Валенродам». А ў сядзібе Э. Камінскага ў Міневічах (Гродзенскі раён, не захавалася) у 2-й палове ХІХ стагоддзя Э. Ажэшка пісала раман «Над Нёманам», у якім выдатна адлюстравала побыт і жыццё сям`і шляхты 2-й паловы ХІХ стагоддзя.

Паэтычны вобраз старых сядзібаў Беларусі на сваіх палотнах стваралі многія мастакі Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Ст. Жукоўскі («Сядзіба зімой», 1904), («Восень у сядзібе», 1905) пісаў родавае гняздо ў Ендрыхаўцах (Ваўкавыскі раён); Ф. Рушчыц («Стары дом», 1903) рамантычна вымаляваў бацькоўскую сядзібу ў Багданаве (Ашмянскі раён; К. Альхімовіч («Наём работнікаў» і «Дажынкі») занатаваў страчаную сядзібу Дуброва (Шчучынскі раён.

На Гродзеншчыне месціцца сядзіба паэта ХІХ стагоддзя Ф. Багушэвіча ў Кушлянах (Смаргонскі раён). Гэта сапраўдны феномен гісторыі айчыннай літаратуры ХІХ стагоддзя – захаванне цэлага дома пісьменніка. А дом-музей А. Міцкевіча ў Наваградку – цудоўны прыклад поўнага аднаўлення сядзібы знакамітага чалавека. Пра палац М. К. Агінскага ў Залессі (Смаргонскі раён), кампазітара, стваральніка паланэза «Развітанне з Радзімай» ведаюць у многіх краінах свету. На Гродзеншчыне знаходзіцца і Мірскі замкава-палацавы комплекс (Карэліцкі раён), якому нададзены статус ЮНЭСКА.

У мінулыя стагоддзі ўзвядзенне сядзібаў даручалася лепшым архітэктарам Еўропы. Сядзібы напаўнялі каштоўнымі мастацкімі калекцыямі, вялікімі бібліятэкамі, пры іх арганізоўвалі тэатральныя трупы. Адзначу, што ў многіх тутэйшых сядзібах клопат пра ўтульнасць гаспадароў і гасцей пераважаў над імкненнем да зіхоткай раскошы. Сядзібы вылучаліся непаўторным укладам жыцця, у якім шчыльна перапляталіся замілаванасць прыродаю, гаспадарчая практычнасць, эстэтычная насалода, гасцінная святочная ветлівасць і ўтульнасць сямейнага жыцця. Сядзібы ўзнікалі са спалучэння розных відаў мастацкай дзейнасці: архітэктуры, паркабудаўніцтва, жывапісу, скульптуру, паэзіі, музыкі, тэатра.

Менавіта сядзібнае асяроддзе здольна было даць прастору для развіцця індывідуальных інтарэсаў і здольнасцяў людзей. Сабраныя ў сядзібах мастацкія і навуковыя калекцыі, бібліятэкі характарызуюць духоўны свет іх уладальнікаў і стваральнікаў, даюць нам і ў 21 стагоддзі выразнае ўяўленне аб самабытнай, складзенай на працягу шэрагу стагоддзяў, побытавай атмасферы сядзібы, характэрнай для розных слаёў шляхецтва. Нярэдка жыццё шляхты ў сядзібе не было заслонена непрыступнай сцяной ад навакольнага сялянскага жыцця. Тут адбываліся цесныя дачыненні «адукаваных» слаёў грамадства з народнай культурай, выспяваў свядомы інтарэс да фальклору. У сваёй сядзібе Мількаўшчына пісьменніца Эліза Ажэшка арганізавала школку для навучання сялянскіх дзяцей грамаце. Цікава, што само слова «панібрацтва» бярэ пачатак з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі шляхецкі двор адчыніў свае дзверы для ніжэйшага па сацыяльнаму статусу сялянства.
Мажліва, што аграэкатурызм – гэта новае эканамічнае мысленне беларускай вёскі. Некаторыя гаспадары “аграсядзібаў” ужо адзначылі дзесяцігоддзе ўвішнай дзейнасці. Дзякуючы агратурызму, старыя хаты Беларусі з драўлянымі крыжамі на вокнах не знікаюць у Леце, а жыццё вёсачак набывае другое напаўненне, другую якасць, другое дыханне. Вясковыя хаты, іх быт, этнаграфія, культура працягваюць існаванне ў прасторы і часе. Дарэчы, у апошні час беларускія аграсядзібы наведалі госці з 64 краінаў свету.

На Беларусі ўжо каля 1900 аграсядзібаў. І бачна тэндэнцыя да іх павелічэння. Ільготны рэжым гаспадарання для суб’ектаў гэтага віду дзейнасці дзяржавай падоўжаны да 2021 года. Адметна, што сядзібы 21стагоддзя для сямейнага жыцця, якія сёння ўзводзяцца ў Беларусі з запрашэннем дызайнераў і спецыялістаў – гэта не проста мода, а культуралагічна адукаванае вяртанне ўчарашняга айчыннага побыту.
Аграсядзібны турызм актыўна працуе на беларускую вёску 21 стагоддзя, на яе захаванне! Калі сядзібы развіваюцца, з'яўляецца попыт на ўнікальнасць, мясцовую кухню, культурныя традыцыі. Гаспадары пачынаюць гэта вывучаць, засвойваць і прапаноўваць турыстам. У многіх сядзібах збіраюць старасвецкія рэчы, засноўваюць этнаграфічныя музеі.

Добра, што пачалі працаваць нават грамадскія рады па развіцці аграэкатурызму: яны аб’ядноўваюць гаспадароў, каб паспрыяць вырашэнню надзённых праблемаў, адкрыць перспектывы. Бо нязведанага шмат. Мяшае нават блытаніна паняццяў, да прыкладу – сядзіба і сяліба. Да сядзіб некаторыя стасуюць таксама хутар, фальварак, маёнтак.

Дык, сядзіба – гэта жылыя і гаспадарчыя пабудову разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку. Ёсць і яшчэ адно значэнне сядзібы – гэта зямельны ўчастак, заняты збудаваннямі, у адрозненне ад зямлі пад полем, лугам, лесам. На Беларусі найбольш было панскіх, шляхецкіх сядзібаў.
Сяліба – гэта паселішча ў сельскай мясцовасці. Сам назоўнік “сяліба” і ўтварыўся ад такога важнага для любога гаспадара дзеяслова -- “сяліцца”. Пацверджу паэтычнымі радкамі слыннага Якуба Коласа, якія я запомніў з маленства:

О, дзядзька спосабаў меў многа
Даняць праціўніка малога!
Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу.
Або паехаць у сялібу
Ці ў млын малоць на хлеб збажынку.

Хутар – гэта адасоблены сялянскі зямельны ўчастак разам з сядзібай уладальніка (хутараніна). Нярэдка да хутара звярталіся памяншальна-ласкальна: хутарок, хутарэц. Была ў гісторыі нашай краіны і прымусовая хутарызацыя – высяленне сялян з вёсак на хутары.

У паэта Мікалая Арочкі знайшоў такія радкі:

Дзень добры, роднае сяло!
Бывай, сядзіба хутарская…

Фальварак – гэта панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Быў час у нашай гісторыі, калі рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі прыгнёт, абеззямельванне сялян. Тады раслі фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі. Фальваркам таксама называлі невялікую панскую сядзібу, хутар. Уладальніка фальварка называлі фальваркоўцам. А самі фальваркі яшчэ называлі дварамі аканомаў.
Маёнтак - гэта зямельныя ўладанні памешчыка, панскі двор, сядзіба пана.

Трэба адзначыць, што падзел паселішчаў на асобныя сядзібы меўся з ранняга жалезнага веку, калі вакол жылля актыўна пачалі з’яўляцца гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы. У такіх старажытных гарадах, як Полацак, Тураў, Пінск, Бярэсце, Менск, Гародня менавіта сядзібы фарміравалі забудову ў складзе адной альбо некалькіх жылых пабудоў, гаспадарчых будынкаў, майстэрні. Такая тэрыторыя абносілася плотам, галоўны ўезд быў з вуліцы.
У сельскіх паселішчах да сярэдзіны 16 стагоддзя былі пашыраны вялікія сялянскія сядзібы – дварышчы, якія аб’ядноўвалі пабудовы 5 – 10 і больш сваяцкіх сем’яў. У склад сялянскай сядзібы ўваходзілі хата і гаспадарчыя пабудовы -- клець, павець, варыўня, склеп, адрына, хлеў, абора, гумно, асець. Коратка патлумачу і гэтыя паняцці, такія кроўна блізкія нашым продкам.

Клець – будынак для захавання маёмасці.
Павець – пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для хавання чаго-небудзь ад дажджу, непагоды; гэта і памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы (дрывотнік).
Варыўня – невялікі будынак для захавання бульбы, агародніны.
Склеп – паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў, напояў.
Адрына – халодная будыніна для захоўвання кармоў, сельскагаспадарчага інвентару. Часам адрыну яшчэ называлі пуняй.
Абора – вялікае памяшканне для жывёлы (кароўнік).
Гумно – вялікая халодная будыніна для складвання і абмалоту збожжа.
Асець -- прыбудоўка да тока, у якой сушаць снапы.
Хлеў – памяшканне для свойскай жывёлы, птушак.

Паэт Анатоль Астрэйка:
І тут жа ў хлеўчыку часовым,
У наспех скіданым з сучча,
Стаяць авечка, конь, карова.
Жуюць салому па начах…

Такая звыклая і любая сэрцу нашых продкаў карцінка! Мне раптам падумалася: усё ХХ стагоддзе мы нудлялі гэтыя родныя слоўцы. І праз гэта страчвалі Беларусь, яе ўнікальнасць.
Панскія сядзібы на тэрыторыі Беларусі вядомы з 11 – 12 стагоддзяў. Некаторыя з іх нават далі пачатак фарміраванню гарадоў і мястэчкаў (Старыя Ашмяны, Стрэшын, Койданава (Дзяржынск). Гэта былі прыватнаўласніцкія замкі.

Былі невялікія панскія сядзібы (напрыклад, у вёсцы Гнезна Ваўкавыскага раёна). У гаспадарскі двор звычайна ўваходзілі сядзібны дом, флігель (жылая прыбудова да галоўнага будынку), кухня, пякарня, свіран, скарбніца (напрыклад, у вёсцы Грозаў Капыльскага, у вёсцы Парычы Светлагорскага раёнаў).

У загарадных магнацкіх сядзібах-рэзідэнцыях пераважалі жылыя і дапаможныя будынкі, былі паляўнічыя дамы, псярні (асобнае памяшканне для сабак). Прыкладам таго Рубяжэвіцкая сядзіба, вёска Грэск Слуцкага раёна.
Перад сядзібным домам або палацам звычайна быў парадны двор-курданёр (Лявонпальская сядзіба, Станіславоўская сядзіба, Дудзіцкі палац, Рэгінаўскі сядзібны дом, сядзіба ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна).

Адзначу, што ў сядзібных ансамблях 19 – пачатку 20 стагоддзяў з рысамі рамантызму вялікае значэнне надавалася будынкам павільённага тыпу ў выглядзе высокіх гатычных вежаў, мініяцюрных замкаў, гротаў, руін (вёска Варняны Астравецкага, Лынтупы Пастаўскага, Станькава Дзяржынскага, Прылукі Мінскага раёнаў). А з канца 18 стагоддзя пры некаторых буйных сядзібах развіваліся нават прамысловыя комплексы, што сфарміравала і новае аблічча сядзібных ансамбляў (слонімская сядзіба “Альбярцін”, вёска Парэчча Пінскага раёна, Нараўлянская сядзіба). Сам гарадскі сядзібны дом або палац нарэшце пачаў выходзіць на “чырвоную лінію” забудовы і актыўна ўключацца ў фарміраванне гарадскога ансамбля (Гродна, Мінск, Брэст, Нясвіж, Слуцк).
Дом у панскай сядзібе адрозніваўся ад палаца меншымі памерамі, меншай колькасцю парадных памяшканняў, больш простым дэкорам фасадаў і інтэр’ераў. Вельмі добра, што многія сядзібныя дамы Беларусі з’яўляюцца помнікамі айчыннай архітэктуры і ўжо даўно ўзяты дзяржавай пад ахову. Розныя па вышыні і форме завяршэнняў аб’ёмы такіх дамоў нярэдка стваралі вельмі жывапісную кампазіцыю (вёска Брожа Бабруйскага, вёска Дзераўная Стаўбцоўскага раёнаў, мястэчкі Любча Навагрудскага і Стрэшын Жлобінскага раёнаў). Вылучаліся бакавыя алькежы (вёска Грэск Слуцкага, мястэчка Копысь Аршанскага раёнаў). Будаваліся нават дамы-крэпасці (вёска Гайцюнішкі). У некаторых будынках была абарончая вежа ў цэнтры (вёска Сёмкава Мінскага раёна). Атрымалі пашырэнне і крыжападобныя кампазіцыі -- гэта адбывалася з-за імкнення да кампактнасці (вёска Ішкалдзь Баранавіцкага, мястэчка Рось Ваўкавыскага раёна, Дзяржынск). Дарэчы, многія сядзібныя дамы Беларусі выдатна адлюстраваны на малюнках мастака Напалеона Орды.

Вядомы і сядзібы савецкага часу (вёскі Верцялішкі Гродзенскага, Малеч --Бярозаўскага, Леніна -- Горацкага, Зашыр’е -- Ельскага, Аснежыцы -- Пінскага, Клепачы -- Пружанскага, Мышкавічы -- Кіраўскага раёнаў). Добра, што і ў наш час у гарадах і вёсках Беларусі выкарыстоўваюць мясцовыя традыцыі народнага дойлідства. Мы павінны і ў 21 стагоддзі пры рэканструкцыі і перабудове паселішчаў скрупулёзна вывучаць, даследаваць і захоўваць помнікі народнага дойлідства.

Актывізацыя ў стварэнні сядзіб – гэта яшчэ не поўнае іх адраджэнне. У XIX стагоддзі многае ў тагачасных сядзібах было іншае, чым сёння. Да прыкладу, ля сядзібаў былі сады, часта -- вішнёвыя. Мелі нашы продкі стайні, карэтні. Актыўна будавалі сыраварні, вяндлярні, ткальні. Авечкі, па сутнасці, выконвалі ролю сучасных газонакасілак.

Культура ў адроджаных сядзібах павінна жыць самавіта, а не толькі сюды забягаць, як вандроўны дух турыста. Сядзібы павінны жыць самастойным духоўным жыццём. На базе гістарычных сядзібаў трэба больш актыўна ладзіць культурныя мерапрыемствы.

Я ўжо пабываў у многіх сядзібах Беларусі. Радаваўся і маркоціўся. Часта мне ўзгадваюцца радкі з верша Ніла Гілевіча, якія штораз журбою кранаюць душу. Задумваюся пра лёс роднай зямлі, пра жыццёвыя ростані на ёй. Несуцешна, што многія дзеці і ўнукі забыліся на бацькаву і дзедаву вясковыя хаты.

I вось — нічога: ні двара, ні дома,
I цішыня — як быццам дзень аглух.
Адзін падмурак выступае з долу,
Ды яблыні здзічэлыя наўкруг...

Зямляне! Наведаем родныя сядзібы разам са сваякамі, сябрамі. Бацькі, наведайце сядзібы разам з дзецьмі! Наведайце хаты сваіх родзічаў, тых з вашага роду, каго ўжо няма побач з вамі. Памяць пра іх павінна жыць! Акдкрыйце свае вочы на айчынную гісторыю, культуру, духоўнасць. Вандруйце па Бацькаўшчыне!
К. КАРНЯЛЮК.

Перамога

Yandex cite