У Казлоўшчыне новая бальніца

Нарэшце пабудавалі. Кажу нарэшце, бо будаўніцтва гэтае расцягнулася на дваццаць гадоў. Спачатку справа ішла добра. Узвялі сцены, зрабілі дах, уставілі вокны і дзверы, памяшканне атынкавалі. Словам, гатоўнасць складала 80 працэнтаў. Заставалася паслаць падлогу, падключыць ацяпленне. Але раптам работа спынілася: не стала грошай. Будынак пачаў развальвацца. Пацёк дах, бо так званае мяккае пакрыццё — своеасаблівы басейн над будынкам. Ліў дождж, раставаў снег, вада, сабраўшыся, шукала выйсця. І знаходзіла. Патокі яе хлынулі так, што пазмывалі атынкоўку на другім і першым паверхах. Пагнілі і павыляталі рамы ў вокнах, пабілася шкло. Папсаваліся дзверы. У некаторых месцах з-пад падмурка сталі расці кусты. Гэта было жудасна.
Людзі скардзіліся ў розныя інстанцыі, збіралі подпісы. Ніяк не маглі зразумець, чаму будынак марнуецца і нібыта нікому няма да гэтага справы. Яны лячыліся ў старой бальніцы, што размешчана побач, — разваленай, халоднай, няўтульнай. Многія памерлі, не дачакаўшыся новай. Многія страцілі надзею, што калі-небудзь усё зменіцца да лепшага.
Затое цяпер у Казлоўшчыне не бальніца, а казка. Яе адкрылі літаральна нядаўна на радасць і медыцынскаму персаналу, і жыхарам усёй ваколіцы. Двухпавярховы будынак і звонку, і ­
ўсярэдзіне зроблены пад еўра. Прыгожы дабротны дах, з якога ўжо ніколі не будзе ліцца вада. Сцены светлыя, нібы сонейка спусцілася на лужок, што на ўскрайку лесу. Тэрыторыя добраўпарадкаваная. Яшчэ восенню на газонах пасеялі траўку, і яна паспела ўзысці. Ёсць стаянка для аўтамашын, маляўнічыя лаўкі, дзе можна адпачыць.
Калі зойдзеш у сярэдзіну, то не верыцца, што гэта бальніца ў глыбінцы, а не ў сталіцы. Светлыя сцены, падлога, столь, утульныя калідоры. У фае жывыя кветкі, дабротная мяккая мэбля са светлай скуры.
Пра палаты трэба сказаць асобна. Мала таго, што тут чыста і ўтульна. Драўляныя ложкі, а іх у палатах адно, два або тры, засланы прыгожай бялізнай. У кожнай палаце ёсць тэлефон для ўнутранай сувязі. Асобна — сталовая.
Бальніца разлічана на 25 ложкаў. Яна месціцца на першым паверсе. На другім — паліклініка на сто наведвальнікаў у змену. Што будзе размешчана ў астатняй частцы будынка, яшчэ не вызначылі. Магчыма, спецыяльныя ложкі, а магчыма, аддзяленне сястрынскага догляду. Прынамсі, розніцы вялікай няма. У тым і ў другім выпадку тут будуць жыць адзінокія людзі, якім няма дзе сагрэць сваю старасць. Толькі фінансаванне будзе весціся з розных крыніц.
Я ў захапленні і ад самой бальніцы, і ад людзей, якія тут працуюць. Яны яшчэ жывуць радасцю наваселля, не паверылі да канца, што перасяліліся з няўтульных трушчобаў у такі шыкоўны будынак.
— Непрывычна, — кажа галоўны доктар Вікенцій Вікенцьевіч Сцяпура. — Тут усё так здорава...
Вікенцію Вікенцьевічу прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, затраціць шмат здароўя, каб бальніцу нарэшце пабудавалі. І цяпер ён шчыра радуецца.
— Што лячыцца будзе каму — гэта зразумела. А ці ёсць каму лячыць? — пытаю ў галоўнага доктара.
— У нас павінна быць 8 дактароў, 30 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу і 35 санітарак ды тэхнічных работнікаў. Ёсць педыятр, тэрапеўт, два стаматолагі, акуліст. Пакуль што няма хірурга, акушэра-гінеколага, яшчэ аднаго тэрапеўта і аднаго педыятра.
— Спадзеяцеся, што будуць?
— А чаму не! У нас цяпер такія выдатныя ўмовы працы, мясцовая ўлада абяцае дапамагчы з жыллём. Сам буду шукаць дактароў у нашу бальніцу і думаю, што знайду. Цяпер мне ёсць што паказаць. Працаваць у такіх умовах, не сумняваюся, марыць кожны доктар. А што не ў горадзе... Не ўсім жа падабаюцца гарады. Тут такая цудоўная прырода. Ды і Казлоўшчына наша — утульны добраўпарадкаваны пасёлак, а не глухая лясная вёска. Тут жыць можна. І добра можна жыць.
— А што ў старой бальніцы?
— Яна ўжо сваё адслужыла. Адзінокіх састарэлых людзей, якія знаходзіліся там, перавялі ў Наваельню.
Цяпер усім хворым застаецца адно: берагчы тое, што яны атрымалі пасля столькіх гадоў чакання: і сам будынак, і мэблю, і тэрыторыю наўкола бальніцы. Бо ўсё дасталося цяжкай працай, нервамі і вялікімі затратамі.

Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ, "ГС"

Yandex cite