Вольга Галаднова: “У мяне слаўныя калегі”

Дзятлаўская сярэдняя школа №1 на працягу многіх гадоў з’яўляецца ці не самай лепшай у раёне. Чвэрць стагоддзя яе работу ўзначальвае інтэлігентная, абаяльная Вольга Канстанцінаўна Галаднова. Карэспандэнт “Аддушыны” нядаўна сустрэлася з ёй і папрасіла яе адказаць на некаторыя пытанні.

—Скажыце, калі ласка, колькі часу Вы працуеце на ніве асветы?
—Трыццаць сем гадоў. Пачынала настаўніцай у Дварэцкай школе нашага раёна, выкладала там рускую і беларускую мовы. Нейкі час працавала інструктарам райвыканкама, потым узначаліла работу Дзятлаўскай СШ №1. І ўжо дваццаць пяць гадоў мінула... Ажно не верыцца.
—Цяжка было спачатку, бо да Вас дырэктарамі гэтай школы былі мужчыны?
—Няпроста. У той час настаўнікамі ў нашай школе працавалі два былыя загадчыкі рана, шмат вопытных, таленавітых педагогаў. І кіраваць імі мне, маладому дырэктару, было складана. Цяпер многія ўжо на пенсіі, але і тыя, што прыйшлі, працуюць з душой. Адным словам, у мяне слаўныя калегі. І гэта радуе. У нас узаемапаразуменне, агульная мэта — не толькі даць дзецям трывалыя веды, але і выхаваць іх прыстойнымі людзьмі. Другое, бадай, галоўнае. Тры гады запар наша школа трымала першынство ў раёне па ўсіх паказчыках. Цяпер — на другім месцы.
—А чаму цяпер на другім?

—А таму, што ў Дзятлаве цяпер ёсць гімназія і многія найлепшыя вучні пераходзяць туды. Гэта, канешне, іхняя справа, але і ў нас падрыхтоўка не горшая.
—Вольга Канстанцінаўна, за Вашу бытнасць дырэктарам было дваццаць пяць выпускаў. Якія з іх асабліва памятныя?
—Памятныя ўсе, бо ў кожнага вучня ўкладваеш шмат працы, душэўнай цеплыні. Што да адзнак, то аднойчы ў нашым 11 “А” класе з 15 вучняў 12 былі медалістамі і атрымалі атэстаты асобага ўзору. Безумоўна, усе яны з першага разу паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
—У прэстыжныя?
—Я не люблю гэтага вызначэння — прэстыжныя. У кожнага свой прэстыж, сваё прызванне. Для аднаго прэстыжна стаць настаўнікам, для другога — аграномам, для трэцяга — лётчыкам. Людзі розныя, у кожнага свая мэта ў жыцці, дабіўшыся якой ён па-сапраўднаму шчаслівы. А яшчэ, памятаецца, у 2006 годзе ўсе вучні 11 “А” класа, а быў тады 21 выпускнік, з першага разу паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І медалісты, і немедалісты.
—Каго Вы можаце вылучыць са сваіх выпускнікоў? Кім школа сёння ганарыцца?
—Іх нельга пералічыць, бо дастойных людзей са сцен нашай школы выйшла шмат. Мяне вельмі радуе, што многія нашы вучні выбралі прафесію настаўніка. Значыць, мы змаглі прывіць ім любоў да сваёй нялёгкай справы, дзе спакой толькі сніцца, значыць, у нейкай ступені, былі для іх прыкладам. Многія цяпер працуюць побач з намі і радуюць сваімі поспехамі на педагагічнай ніве. Кажучы гэта, я маю на ўвазе Таццяну Удот, якая выкладае ў школе матэматыку, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Таццяну Аверчук, мужа і жонку Алена і Сяргея Сівых, якія таксама некалі былі нашымі вучнямі. Настаўнічаюць Аксана Пацыновіч, Марына Лайло. Муж і жонка Інэса і Міхаіл Гусевы пасля сканчэння медыцынскай ВНУ вярнуліся ў наш горад і працуюць дактарамі.
—У фае школы ёсць краязнаўчы музей. Хто яго стварыў? Хто займаецца пошукам экспанатаў?
—У свой час над стварэннем і пашырэннем музея шмат працавала настаўніца Ядвіга Аляксандраўна Кійко, за што ёй вялікі дзякуй. Цяпер Ядвіга Аляксандраўна на пенсіі, і яе працу прадаўжае Ірына Уладзіміраўна Дарафейчык, канешне, разам з вучнямі. У нас багаты матэрыял пра гісторыю роднага краю, пра Вялікую Айчынную вайну і тых, хто ў ёй удзельнічаў. Скажу больш: у нашым музеі ёсць шмат матэрыялаў пра Герояў Савецкага Саюза генералаў Фогеля і Пятрова, пад камандаваннем якіх было вызвалена ад фашыстаў Дзятлава. У цэнтры горада ўстаноўлены іх бронзавыя бюсты. Нам пашчасціла пабываць на радзіме Яна Янавіча Фогеля ў Латвіі, сустрэцца з яго землякамі, паслухаць успаміны. Гэтая сустрэча засталася ў памяці ўсіх, каму давялося на ёй пабываць.
—Вольга Канстанцінаўна, раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.
—У нас з мужам Уладзімірам Віктаравічам два сыны — Вадзім і Юрый. Вадзім жыве ў Дзятлаве, Юрый — у Мінску. Абодва маюць вышэйшую адукацыю. А нашы нявесткі Таня і Оля па волі лёсу таксама педагогі. Маем траіх цудоўных унукаў. Гэта для мяне і самае вялікае багацце, і радасць, і натхненне.
—А што новага з’явілася ў школе за апошні час?
—Новага шмат, але найперш мне хочацца назваць атрад гайдаў, куды ўваходзяць адны толькі дзяўчынкі. Хоць ён працуе на базе Дома дзіцячай творчасці, але ім кіруе наша маладая настаўніца Наталля Якабчук, таму ў ім задзейнічаны нашы вучні. Атрад заняты выхаваннем дзяўчынак, развівае здольнасці, вучыць жыць паўнакроўным жыццём.
Асноўны кірунак у нашай рабоце — краязнаўства. Ужо трэці год запар школа з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па краязнаўстве. Гэта значыць, што ў выхаваўчай рабоце распрацоўваюцца ўласныя факультатывы па краязнаўстве. Менавіта за лік гэтага і папаўняюцца фонды музея.
—Чым захапляецеся ў жыцці? Што сагравае Вашу душу?
—Люблю вырошчваць кветкі. Многіх з іх цвітуць цяпер ля школы. Люблю лета. Уражаннямі ад летняй прыроды жыву потым цэлы год, бо ўбіраю гэтую казачную прыгажосць у сваю душу. А таксама люблю ўнукаў. З імі клапотна, але гэта такое шчасце!
—Вольга Канстанцінаўна, Вы заўсёды і ўсюды размаўляеце па-беларуску, так чыста і прыгожа...
—А як жа яшчэ размаўляць? Я ж беларуска, і родная мова для мяне святое. Ведаю, што яе любяць многія і настане такі час, калі ўсе наўкола будуць размаўляць і пісаць па-беларуску, вучыць гэтаму сваіх дзяцей і ўнукаў. Інакш проста і быць не можа.
—Дзякую Вам за гутарку. Поспехаў і натхнення ў такой нялёгкай, але такой патрэбнай педагагічнай справе.

Газета Слонімская

Изображение пользователя Alex.

У СШ №1 уже новый директор.

У СШ №1 уже новый директор. Планка, поставленная О.К. Голодновой достаточно высока. Новому директору придётся поднапрячься...

Yandex cite