Юльян Корсак - паэт са Стралы

13 лютага 1806 года нарадзіўся Юльян Корсак
У шэрагу знакамітых людзей Дзятлаўшчыны — беларускі польскамоўны паэт Юльян Корсак. Нарадзіўся ён 13 лютага 1806 года ў Слоніме, амаль усё сталае жыццё правёў у вёсцы Страла. Адукацыю пачаў са школы піяраў у Шчучыне. У 1823 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Прагрэсіўныя ідэі ўніверсітэцкіх філаматаў і філарэтаў знайшлі спагадлівы водгук у яго сэрцы. Універсітэт скончыў у 1826 годзе. Жаданне акунуцца ў вір тагачасных культурных працэсаў прывяло яго ў Пецярбург. Але надоўга там не затрымаўся, неўзабаве вярнуўся на радзіму і з 1830 года стала жыў у вёсцы Страла на Дзятлаўшчыне. Тут адбылося яго станаўленне як паэта і перакладчыка, тут прайшлі лепшыя творчыя гады. Улюбёныя краявіды, гістарычная спадчына роднага краю, яго слынныя мясціны з’явіліся крыніцай мастацкага натхнення.
Памёр паэт 30 жніўня 1885 года ў Навагрудку.
У творчасці Юльян Корсак хіліўся да рамантычнага стылю лірычнай паэзіі. Зведаў значны ўплыў літаратурнай дзейнасці Адама Міцкевіча. Ва ўласных творах імкнуўся да раскрыцця ўнутранага свету чалавека, які цесна знітаваны з асяроддзем і які ўспрымае жыццё цераз прызму гістарычных падзей, сягаючы ажно да антычнасці. Не пазбягаў Корсак і скарыстання беларускіх і класічных фальклорных матываў.
Творы Юльяна Корсака былі выдадзены ў Вільні, Кракаве, Пецярбургу, Познані. Літаратурную спадчыну паэта складаюць зборнікі «Вершы» (1830, у 1836 годзе — другое выданне), «Новыя вершы» (1840 год, у двух тамах). Пад вокладкамі названых кніг змешчаны творы, што “геаграфічна” найбольш блізкія да Дзятлаўшчыны — «Да Нёмана», «Да Iгната Дамейкі».
Корсак перакладаў на польскую мову Вяргілія, Гарацыя, Піндара, Дантэ, Шэкспіра, Шылера, Байрана.
Творчасць паэта не абышлі ўвагаю кампазітары і літаратурныя крытыкі. Станіслаў Манюшка паклаў на музыку ягоныя вершы «Пілігрым» і «Баркарола». Уладзіслаў Сыракомля прысвяціў Корсаку артыкул «Нататкі з дзіцячых уражанняў» (1853 год).
Юльян Корсак быў асабіста знаёмы з многімі дзеячамі культуры свайго часу, падтрымліваў творчыя сувязі з імі. Знакаміты мінскі мастак Валенцій Ваньковіч (дарэчы, аўтар вядомай карціны «Партрэт Адама Міцкевіча на скале Аю-Даг») яшчэ ў 20-я гады напісаў партрэт паэта. Дзякуючы пэндзлю мастака-летапісца беларускай зямлі Напалеона Орды, засталася і мастацкая выява сядзібы паэта («Сядзіба Корсакаў у в. Страла»).
Літаратурная творчасць Юльяна Корсака – яскравы прыклад беларуска–польскага культурнага ўзаемаўплыву. Ён пісаў па-польску, але пра Беларусь. Яго творы прасякнуты беларускай тэматыкай. Зборнікі “Вершы” і “Новыя вершы” Корсак напісаў з уражанняў жыцця на сваёй радзіме, паказаў у іх хараство тутэйшых людзей, вабнасць прыроды, засведчыў адметнасць падзей.
Нёман у вершы «Да Нёмана» Корсак падае чытачу як гістарычнай «Літвы люстэрка», у якое глядзяцца палі, лугі, дубровы роднай зямлі.
Верш «Зорка Лятавец» пазначаны тлумачальнай заўвагай аўтара: «Зорку, што падае з неба, народ наш у сваіх паданнях называе Лятаўцом, або злым духам, якому прысвойвае патаемныя мілаванні з кабетамі».
Ф. КРАСЮК

Korsak_Manor_in_Strala,_N._Orda.jpg

Малюнак Напалеона Орды.
Страла. Сядзіба Корсакаў. 1871 год
Від з боку пад’езда. Палац аднапавярховы, з ганкам на калонах. З правага боку – аднапарвярховы драўляны будынак.
Датавана: Страла, 19 мая 1871 года.
Надпіс: Уласнасць і месца нараджэння Юльяна Корсака, жонка з Мацкевічаў.
Надпіс на падкладцы:
Страла. Гродзенская г(губерня). Уласнасць паэта Юльяна Корсака. Тут ён нарадзіўся і памёр.
Малюнак алоўкам, падпраўлены акварэллю. 20,8 х 30,2
III-r.a. 4417 (Teka Grodzienska).MNK

Газета Перамога

Yandex cite