Ёсць у Дзятлаве плошча, якая носіць назву "Сямнаццатага верасня". Даўней назвалі, так яно і засталося, і перайменоўваць пакуль ніхто не збіраецца.
На гэтай, цэнтральнай, плошчы месцяцца ў кружок Дом быту, Дом гандлю, рэстаран "Ліпічанка" пад адным дахам з аднайменнай гасцініцай, прадуктовы магазін "Міраж" (от трапная назва! Ажно зайздрошчу таму, хто яе прыдумаў). Тут жа і раённая пошта, і Белтэлекам. Калі ісці далей па крузе, то на шляху будзе прадуктовы магазін "Ветэран", "Сельгаспрадукты" і іншыя невялікія будынкі рознага прызначэння. Усё больш гандлёвага і ўсё больш такіх, каб чалавек пасля "ўчарашняга" мог наталіць смагу ды і сёння не забыўся кульнуць чарку-другую. Без гэтага, панове, нельга. Без гэтага плошча не была б культурным цэнтрам нашага гарадка.
Ды куды ты ў Дзятлаве ні пахіліся, усюды ёсць "вогненная вада". Калі не нальюць у чарку, то ўжо пляшку ў кішэню дадуць абавязкова. Быў, скажам, магазін "Кулінарыя". Назва гаворыць сама за сябе: піражкі там розныя, чабурэкі, напоі, паўфабрыкаты і шмат чаго яшчэ. Шмат, але не ўсё для поўнага сервісу: столікаў і крэслаў не было, каб чалавек мог сесці ды кульнуць чарку. Гэты прабел ліквідавалі. Цяпер там стала больш людна і весела.