Вызначаны пераможцы віктарыны да 130-годдзя У. Галубка

Пераможцамі віктарыны, прысвечанай бацьку беларускага вандроўнага тэатра і першаму народнаму артысту БССР Уладзіславу Галубку, сталі беспрацоўны з Баранавіч, гісторык з Мінска і школьнікі з Дзятлаўскага раёна.

Як распавёў «IP» старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыца, пры вызначэнні пераможцаў віктарыны да 130-годдзя У. Галубка ўлічваліся змястоўнасць і дакладнасць адказаў. У выніку пераможцам быў названы Андрэй Арцыменя – часова беспрацоўны жыхар Баранавіч. Другое месца атрымаў Аляксей Шалахоўскі – гісторык з Мінска. Трэцяе месца падзялілі Кірыл Баравік і Паліна Лашкоўская – вучні Дварэцкай СШ (Дзятлаўскі раён).

Усе яны атрымалі грашовыя ўзнагароды і каштоўныя падарункі – майкі з выявамі князя Вітаўта і Францыска Скарыны, а таксама кнігі выдавецтва «Наша ніва».

IP

Даведка:

Уладзіслаў Галубок — беларускі драматург, празаік, рэжысёр, акцёр, мастак. Народны артыст Беларусі.

Драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць Галубка з'яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам. У драматургіі яго творчасць выяўлялася глыбокім веданнем народнага жыцця. П'есы адрозніваліся сцэнічнай вастрынёй канфлікту, многія з іх напісаны ў жанры меладрамы з кантрастным супрацьпастаўленнем дабра і зла. Камедыі насычаны каларытным народным гумарам, характарызуюцца вострымі сітуацыямі з сатырычнай афарбоўкай.

Галубок творча развіваў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Акрамя акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці У. Галубок працаваў як мастак-дэкаратар, ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п'ес.

У. Галубок выхаваў многіх беларускіх акцёраў: У. І. Дзядзюшка, К. Ф. Быліч, Андрэй Блажэвіч(тар.) бел. і іншых. У трупе Галубка рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з найбольш знакамітых беларускіх актрыс Стэфанія Станюта, музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі; а на скрыпцы граў Міхаіл Лучанок, бацька вядомага кампазітара — Ігара Лучанка. У трупе працавалі і некаторыя беларускія пісьменнікі і паэты, напрыклад, Міхась Васілёк, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар і іншыя.

Yandex cite