Царква ў гонар Усіх Беларускіх Святых асвечана ў вёсцы Пацаўшчына на мінулым тыдні.
Храм пабудаваны на могілках на сродкі прыватных ахвяравальнікаў. Спадарыня Вольга, якая нарадзілася ў Пацаўшчыне, а цяпер жыве з сям’ёю ў Англіі, цалкам прафінансавала будаўніцтва. Такім чынам жанчына вырашыла ўшанаваць памяць сваёй памерлай сястры, магіла якой зараз знаходзіцца побач з храмам.
Чын асвячэння і першую літургію ў новым храме ўзначаліў епіскап Лідскі і Навагрудскі Гурый. У сваёй прамове ён падкрэсліў важнасць малітвы за памерлых продкаў і сваякоў.
Урачысты абрад, адчуванне далучанасці да чагосьці вялікага і таямнічага стварылі непаўторную кранальную атмасферу. Спрыялі гэтаму і запаленыя свечы, пах ладана, прыгожы спеў хору з Жыровіцкай семінарыі.
Спадарыня Вольга падзякавала усім, хто наведаў урачыстую цырымонію, і выразіла надзею, што царква будзе паўнавартасна функцыянаваць, нягледзячы на тое, што пабудавана ў вёсцы. “Я жыву далёка, таму ўся надзея на вас,” – сказала яна.

