“Кацярына Другая звар’яцела, убачыўшы ў Беларусі Вавілон”

Вельмі спадабалася інтэрвью з беларускім гісторыкам, які цяпер працуе у Швецыіі Андрэям Катлярчуком. Бачны сапраўды цвярозы погляд на гісторыю Беларусі. Ніякой табе ідэялогіі ні справа ні з лева.
Поўны тэкст інтэрвью тут:
http://news.tut.by/society/154609.html

- Ад айчынных гісторыкаў - да гісторыі. Якія, з вашага гледзішча, найвялікшыя міфы ў гісторыі Беларусі?

- Найперш, канечне, той, што Вялікае княства Літоўскае - беларуская дзяржава.

ВКЛ было сярэднявечнай краінай, у якой галоўную ролю адыгрывала палітыка, дынастыя (якая была ўсё ж балцкай) і цэрквы, але зусім не этнічны прынцып. Што да мовы, то адукаваныя людзі размаўлялі па-рознаму. Да прыкладу, вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл ужываў старабеларускую, польскую, лацінскую і літоўскую. На ўсіх гэтых мовах ён пісаў, гадаваўся па чарзе ў Беларусі і на Жмудзі, належаў да арыстакратыі дзяржавы, фундаваў у тым ліку літоўскі кальвінісцкі друк... Таму, упэўнены, ён быў бы вельмі здзіўлены, калі б мы запыталіся ў яго: “Ты хто - беларус ці літовец?”

Беларусы як сучасная нацыя пачынае фармавацца ў 19 стагоддзі, і нейкі прамежкавы вынік атрымаўся толькі са з’яўленнем СССР. То бок, тыя, хто ніколі не жыў у БССР, не лічаць сябе беларусамі. Гэтак, вы не знойдзеце цяпер мясцовых беларусаў на этнічна беларускіх Смаленшчыне і Браншчыне, усе беларусы там - выхадцы з БССР. Затое ў Беласточчыне яны ёсць, бо няхай усяго два гады, але гэтыя землі былі ў Савецкай Беларусі.

У адрозненне ад цяперашняй шведскай дзяржавы, якая ёсць спадкаеміцай Шведскага каралеўства 15-17 стагоддзяў, сучасныя Беларусь і Літва захавалі толькі асобныя рэлікты ВКЛ (напрыклад, архітэктуру), а не наўпроставую сувязь. Пасля знікнення княства яго народы апынуліся ў Расійскай імперыі і жылі там з улікам СССР 200 гадоў. Як вынік, і незалежныя краіны паўсталі на зусім іншых грунтах, перадусім сучаснага нацыяналізму і этнапалітыкі.

Побач з міфам пра ВКЛ любяць казаць пра “беларускі горад Вільню”. Маўляў, на пачатку 20 стагоддзя літоўцаў у Вільні было каля 3%. Дык і беларусамі сябе лічылі са 154 тысяч жыхароў усяго 4,5%. Каля 40% было габрэяў, 20% расійцаў, калі не памыляюся, астатнія пісаліся палякамі. Апошнія размаўлялі на польскім дыялекце "крэсаў", і мы не маем права сцвярджаць, што яны не палякі, бо гэта іхні выбар. Беларусы ўвесь час пішуць пра “Нашу ніву” і іншыя беларускія выданні, але ў гэты ж час у Вільні друкаваліся і літоўскія газеты ды часопісы, а побач з беларускай гімназіяй была і літоўская, не кажучы ўжо пра польскія.

Так, Вільня заўсёды была горадам са значнай доляй усходне-славянскага насельніцтва, але мяне цікавіць не тое, чый гэта горад - беларускі, літоўскі, габрэйскі “Паўночны Ерусалім” або польскі, а чаму беларускія бюргеры, якія мелі ў ім уладу ў 15-17 стагоддзях, не захавалі свае уплывы ў 18-19-м? Куды зніклі гэтыя пласты?

- У чым вам як даследніку ВКЛ найперш бачыцца ўнікальнасць княства?

- Гэта быў фенаменальны для Еўропы эксперымент, калі людзі розных рэлігій, веравызнанняў, этнічнага паходжання - сапраўдны калейдаскоп нацый - здолелі пабудаваць дзяржаву, якая доўгі час існавала без значных канфліктаў. У асноўным законе дзяржавы Статуце 1588 г., што дзейнічаў да 19 стагоддзя, замацоўвалася свабода веравызнання, роўнасць усіх хрысціянскіх канфесіяў.

Гэтак, раздзел 3, артыкул 3 (“Аб захаванні ў супакоі ўсіх падданых нашых, абывацеляў таго панства, з боку рознага разумення і ўжывання хрысціянскага набажэнства”) замацоўваў поўную роўнасць і абарону ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў. Сенатары ўзгадвалі сумны досвед рэлігійных войнаў у Заходняй Еўропе (напрыклад, ноч Святога Барталамея ў Францыі) і гарантавалі абарону для ўсіх дысідэнтаў у ВКЛ, бо: "У нашай краіне ёсць вялікая розніца ў разуменні хрысціянства, таму мы не жадаем мець аніякіх канфліктаў і войнаў, якія бачым у іншых краінах. Таму мы вырашылі заўсёды захоўваць мір у краіне і чалавечай крыві ў нашых цэрквах не праліваць".

Калі ва ўсёй Еўропе панаваў антысемітызм, рэлігійны і этнічны ціск, у ВКЛ габрэі і татары мелі не толькі правы і гарантыі, але і магчымасць зрабіць палітычную кар’еру. Тое, што ў Расійскай імперыі яны атрымалі толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кожны габрэй, які дабравольна прымаў хрысціянства, згодна Статуту аўтаматычна атрымліваў шляхецтва. Цікава, што ў пачатку 18 стагоддзя, паводле даследавання Змітра Яцкевіча “Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты”, каля 11% шляхты заходняй частцы Аршанскага павета мелі габрэйскія карані. Ані ў Расіі, ані ў Польшчы падобнае немагчыма было тады ўявіць.

Калі Кацярына Другая паехала ва Усходнюю Беларусь пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, яна проста звар’яцела, бо ў гарадах яе сустракалі прадстаўнікі ўсіх этнічных групаў - беларусы, палякі, габрэі, татары, якія жылі разам у згодзе... Сапраўдны Вавілон і цяжказразумелая карціна для тагачаснай расійскай эліты.

- А ці было ў ВКЛ нешта такое, да чаго сучасная Беларусь яшчэ не дарасла?

- Вялікае княства было заснавана на складанай сістэме згоды і кансенсусу, чаго не хапае сучасным беларусам. У Беларусі той, хто крытыкуе ўладу, адразу залічваецца ў шэраг “ворагаў”. У той жа Швецыі падобнае немагчыма, бо крытык, прадстаўляе ён апазіцыю ці не, усё роўна працуе на дзяржаву. Заміж таго, каб ссылаць Паўла Севярынца на “хімію”, я б параіў уладзе даць яму офіс у цэнтры Мінска і даручыў бы працаваць з моладдзю. Ён жа не наркотыкі заклікае ўжываць, а хоча выхоўваць патрыятызм, працаваць на будучыню краіны.

Заўсёдны падзел на “нашых” і “нянашых”, “чэсных” і “нячэсных” падаецца мне абсалютна дурным. І Лукашэнка беларус, і Мілінкевіч беларус, і мітынговец, які крычыць “Беларусь у Еўропу” - беларус, і спецназавец, які б’е яго па карку, - таксама беларус... Гэта трэба зразумець і зрабіць тое, што палякі зрабілі ў 1988-89 годзе, сеўшы за круглы стол і дамовіўшыся аб далейшым супольным жыцці. Менавіта так рабілі нашы продкі ў ВКЛ і рэлікты гэтага свету захоўваліся ў заходнебеларускіх мястэчках да 1939 года.

І ў гэтым няма нічога немагчымага. Усе мы бачым, як беларускія ўлады цяпер вяртаюцца да тых самых ідэяў, за якія яны яшчэ 5-6 гадоў таму ганьбілі апазіцыю. Што крамольнага, скажам, у супрацы з Еўразвязам? Каб гандляваць, ездзіць, абменьвацца ідэямі на карысць адно аднаго. Так жыве ўвесь свет!

Изображение пользователя Captain Flint.

Сапраўды добры артыкул!

Сапраўды добры артыкул!

Отправить комментарий

Содержание этого поля является приватным и не предназначено к показу.

Подробнее о форматировании

CAPTCHA
Этим вопросом проверяется, человек Вы или робот :-)
Image CAPTCHA
Скопируйте символы с рисунка (большие и маленькие буквы различаются).
Yandex cite