У горадзе Дзятлава, што на Гарадзеншчыне, на Кастрычніцкай вуліцы жыве Галіна Мікалаеўна Яравая. Падчас сустрэчы жанчына прызналася, што яна родам з вёскі Бацюты, якая знаходзіцца недалёка ад Беластока. А ў пацвярджэнне гэтаму кабета прынесла з хаты фотаздымак 1948 года. Ён быў зроблены ўжо ў Дзятлаве, але на здымку сфатаграфаваны многія жыхары вёскі Бацюты, найбольш там беларусаў з прозвішчам Калодка. Я папрасіў жанчыну расказаць пра людзей, якія сфатаграфаваны на здымку, а таксама пра сябе.
Галіна Мікалаеўна захвалявалася, але з прыемнасцю пачала свой аповед: „Я нарадзілася ў 1940 годзе ў Бацютах. Калі пачалася вайна і бамбёжка, тата мяне ўзяў на рукі і пабег хавацца ў бульбу, што расла за хатай. А ў гэты момант снарад падае проста на наш агарод, але не змог узарвацца. Так мы засталіся жывыя...”.