У 1608 годзе Дзятлава стала ўладаннем другога знакамітага і вядомага ў ВКЛ роду – роду Сапегаў, герба “Ліс”. Свой радавод Сапегі вялі ад Нарымонта, сына Гедыміна. Займалі вышэйшыя дзяржаўныя, адміністратыўныя і вайсковыя пасады, былі буйнымі землеўладальнікамі. Асноўныя маёнткі знаходзіліся на Віцебшчыне.

(4.4.1557-7.7.1633)
канцлер ВКЛ
![]() |
Герб роду Сапегаў |
Найбольш вядомым сярод Сапегаў быў Леў Іванавіч Сапега, канцлер ВКЛ, адзін са стваральнікаў Статута 1588 года, самага дасканалага зводу законаў на той час.
Нарадзіўся Леў Іванавіч Сапега 4 красавіка 1557 года ў маёнтку Астроўна Віцебскага ваяводства. Сямігадовым хлопчыкам яго аддалі бацькі ў нясвіжскую школу, што існавала пры двары вядомага князя – асветніка Мікалая Радзівіла Чорнага. Шмат часу юнак праводзіў у радзівілаўскай бібліятэцы. Хлопчык імкліва назапашваў веды.
У 13-гадовым узросце Леў Сапега разам з дзецьмі Мікалая Радзівіла Чорнага накіроўваецца ў Германію, у знакаміты Ляйпцыгскі ўніверсітэт. На радзіму ён вярнуўся недзе пасля 1572 года. Рэч Паспалітая тады перажывала цяжкія часы і малады Сапега актыўна ўключаецца ў палітычнае жыццё краіны. У 1581 – 1585 гадах ён ужо пісар вялікі ВКЛ, у 1585 – 1589 гадах - падканцлер, у 1589 – 1623 – канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і адначасова гетман вялікі. У час бескаралеўя ў 1587 годзе прапаноўваў план федэрацыі Польшчы, Вялікага Княства і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём. У 1600-1601 гадах узначальваў пасольства ў Маскву, але дзяржаўнай уніі з Масквою не дамогся. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588 года, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памёр Леў Іванавіч Сапега ў Вільні 7 ліпеня 1633 года на 77-м годзе жыцця. Быў пахаваны ў касцёле святога Міхаіла Архангела.

Отправить комментарий