Алег ЛОЙКА,
паэт, прафесар, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі
Мастацкі ўзор і веліч праўды
Роздум над трылогіяй “Пакутны век” Васiля Якавенкi

"Гiсторыя належыць паэту", -- гаварыў А.С.Пушкiн, i думка гэтая неаспрэчная. Гiсторыя ўвогуле належыць i пiсьменнiку, жывапiсцу, кампазiтару, гiсторыку, сацыёлагу, археолагу, псiхолагу -- усiм людзям, усяму чалавецтву. Але Пушкiн, патрабуючы праўды ў яе адкрыццi альбо раскрыцці, вывеў, па сутнасцi, усю рускую лiтаратуру ХIХ стагоддзя на такi ўзорны, праўдзiвы паказ, якiм потым абрадавала свет эпапея Л.М.Талстога "Вайна i мiр". Пушкiнскай традыцыi мастацкага адкрыцця и адлюстравання праўды гiсторыi заабавязвалася i ХХ стагоддзе, абавязваецца i наша ХХI. I, пэўна, у адкрыццi і асэнсаванні праўды гiсторыi яшчэ больш абавязваюць урокi яе паказу ў цэлым у ХХ стагоддзi i, у прыватнасцi, за 70-годдзе развiцця лiтаратуры ў савецкi час. Канешне, быў розны вопыт у 20-я гады, у 30-я, у вайну, у пяць пасляваенных дзесяцiгоддзяў. Розны не толькi ў лiтаратуры, але i ў гiсторыi, канцэпцыю якой мяняла кан'юнктура.
Да вайны я, напрыклад, скончыў тры класы i памятаю, якой была трактоўка гiсторыi Сярэдняй Азii, Каўказа: пакарэнне, заваёва iх. А што пiсалася пра Каўказ, Туркменiстан, Узбекiстан у пасляваенны час, з 50-х гадоў? Нiякага пакарэння! Супрацiву пакарэнню царом не было нi ў Грузii, нi ў Арменii, нi ў Туркменii, нi ва Узбекiстане. Уз'яднанне -- добраахвотнае ўз'яднанне з Расiяй! СССР пры сваiм узнiкненнi меў дабравольную цягу народаў...
О, як распiсвалася шчасце ўз'яднання! Сваю ролю, несумненна, iграла прапаганда 1939 года, якая не шкадавала фарбаў для паказу шчаслiвага ўз'яднання Заходняй Бшеларусi з Усходняй i Заходняй Украiны з Усходняй. Той вераснёўскi мiф, несумненна, спрыяў у пасляваенны час i ўзнiкненню мiфаў аб уз'яднаннi Каўказа, народаў Сярэдняй Азii.
На долю майго пакалення не выпала ведаць, як адлюстроўвалi рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну ў 20-я гады напрыклад, Арцём Вясёлы, Iсаак Бабель: нi "Гуляй-Поля", нi "Расii, кроўю ўмытай" першага, нi "Канармii" другога мы тады не чыталi: чыталi "Разгром" Аляксандра Фадзеева, "Жалезны паток" Аляксандра Серафiмовiча, "Як гартавалася сталь" Мікалая Астроўскага i поўнай праўды аб Грамадзянскай вайне не ведалi.
У 30-я гады, у блiзкiм пярэдаднi Вялiкай Айчыннай, -- шырокiм патокам пайшоў гiстарычны раман. Так, 1941 годам датуецца трылогiя Вячаслава Шышкова "Пугачоў", раман "Дзмiтрый Данской" Сяргея Барадзiна, "Амур-бацюшка", "Цунамi" Мiкалая Задорнага. Гэтыя цiкавыя творы былi, па сутнасцi, плёнам сацыяльнага заказу. Iшла паэтызацыя гераiзму, класавай нянавiсцi, ваяўнiчасцi, праўда, не без вульгарызацыi. Але калi назіраецца вульгарызацыя, то цi ж захоўваецца праўда гiсторыi? У часы росквiту культу Сталiна iшла манументалiзацыя вобраза тырана Iвана IV Жахлiвага -- iдэалiзацыя яго як дзяржаўнага дзеяча, нягледзячы на жудасныя крывавыя сродкi, якiмi ён нiбыта мацаваў дзяржаву, нягледзячы на амаральнасць, дэмагогiю, iлжывасць, двухаблiчнасць. Цi ж гэтым зацвярджалася праўда? Тыранствам Iвана IV Сталiн апраўдваў сваё тыранства.
Але звернемся да ўзорнасцi "Вайны i мiру" Л.М.Талстога. Цi займела руская лiтаратура i цi мае наша беларуская падобны ўзор мастацкай праўды аб Айчыннай вайне 1941--1945 гадоў? Калi пад адной вокладкай, то не мае. Але шырокую панараму паказу той вайны ўсё ж мае, адно што пад многiмi вокладкамi, ад многiх аўтараў. У цэлым у 2-й палове ХХ стагоддзя адбывалася наблiжэнне да праўдзiвага паказу вайны. Але як дэфармаваў у нас тую праўду мiф аб кiруючай ролi ў перамозе над фашызмам камунiстаў, камiсараў, партыi, дружбы народаў увогуле! Сярод герояў-франтавiкоў не мог не быць першым -- цi адным з першых -- грузiн; калi ваеннапалонныя -- то спрэс здраднiкi (бо гэта быў погляд Сталiна); немцы -- як доўга -- нiякiмi разумнiкамi не былi i не маглi быць; хто апынуўся пад акупацыяй -- падазрэннi да таго не канчалiся... Вельмi цяжка было гаварыць праўду аб вайне, цi ж не засведчыў гэта вопыт Васiля Быкава?
Гаварыць усю праўду аб вайне цяжка i сёння. Мы памятаем, як крытыкаваўся Iван Чыгрынаў, калi першы напiсаў апавяданне пра палiцая. А як скрыгатала зубамi крытыка, калi Алесь Адамовiч выдаў аповесць "Карнiкi" -- нiбы не вайною яна спароджана, нiбы праўду гэтага твора не дапаўняла Адамовiчава кнiга "Vixi" -- старонкамi пра Сталiна i Гiтлера?
Увогуле ў нас дасюль заставалася і застаецца недастаткова раскрытай праўда аб партызаншчыне ў Беларусi, аб падполлi ў гарадах, аб акупацыi. Так, доўгi час адзiным творам аб атмасферы акупацыйнага часу заставаўся раман Iвана Навуменкi "Сорак трэцi". "Плач перапёлкi" Iвана Чыгрынава быў аб 41-м годзе. Ён, як i "Сорак трэцi", -- пра ўсходнiя вобласцi Беларусi, паказваў, як фашысты аднаўлялі тут калгасы.
Толькi летась з'явiлася трылогiя Васiля Якавенкi "ПАКУТНЫ ВЕК", і сітуацыю ў літаратуры яна значна мяняе. Як Навуменка i Чыгрынаў, аўтар трылогii сам з Усходняй Беларусi, родам са Светлагорскага раёна. А ў цэнтры ягонай трылогii -- Заходняе Палессе, Брэстчына, пiльным вокам убачанае i паказанае мястэчка Моталь. Галоўныя героi -- ураджэнцы Моталя Пятро Рамановіч (Пiсарчук), Барыс Рамановiч, капiтан Сяргей Калiнiчэнка, айцец Георгiй, Данiк Плюнгер. Але тут жа і род Скірмунтаў, памешчык Раман Скірмунт, былы член Дзяржаўнай Думы, стаяў каля вытокаў фарміравання нацыянальных сіл і ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гэта трылогiя -- твор, можна сказаць, усебеларускi, эпапея нацыянальнай гісторыі, даваеннага часу, 1939 года, Другой сусветнай вайны, пасляваенных падзей і характараў. У полі зроку аўтара тэрыторыя ўсяе Беларусi, яе мiнулае і сучаснасць. У эпапею ўсеславянскую, усееўрапейскую гэты манументальны твор ператварае тое, што i Варшава, i Прага, Берлiн і Нью- Ёрк, Масква i Вiльня, як i Мiнск, Пiнск, Баранавiчы, Навагрудак, Карэлiчы i мноства беларускiх вёсак становяцца месцам разгортвання падзей. Шырокi свет адчыняецца цераз скрыжаванне герояў трылогii з мясцiнамi, дзе адбываюцца падзеi, удзельнiкамi якiх яны становяцца. Сутычкi iх з рэальнымi персанажамi гiсторыi, можна сказаць, энцыклапедызуюць мастацкi твор, робяць яго сапраўдным гiстарычным раманам.
Аўтар не абмiнае ўвагай Сталiна, Гiтлера, Кубэ; паказ ваенных дзеянняў iдзе з прывязкай да канкрэтна названых мясцiн, нумароў дзеючых армiй, карпусоў, палкоў, прозвiшчаў камандзiраў, прычым не толькi савецкiх, а i нямецкiх.Упершыню ў літаратуры ўражліва падаюцца батальныя сцэны ваеннага тэатра 1941 года пад Віцебскам, дзе была зроблена спроба контрудару Краснай Арміі сіламі двух танкавых карпусоў у накірунку Сянно – Лепель з адчайна і адважна пастаўленай задачай затрымаць і адкінуць адсюль вераломныя варожыя войскі.
Пад пяром аўтара гарманiчна злiваюцца выпісаныя па-мастацку раздзелы i даведачна-бiяграфiчныя матэрыялы. У трылогii адчуваецца талент аўтара як пiсьменнiка,а яшчэ і вопытнага і яскравага нарысiста, публiцыста, якім мы ведалі яго раней. Прычым "публiцыстамi" найчасцей становяцца самi героi трылогii -- тады, напрыклад, калi выяўляюць для чытача, што не толькi гераiчнай была ў Беларусi партызанка, але i марадзёрскай, неапраўдана разбуральнай, правакацыйнай, безуважлiвай да працоўнага люду, вёскi, якая ў асноўным савецкую партызанку падтрымлiвала, кармiла, хоць мусiла кармiць i акупантаў, палiцаяў, бо iначай бы не выжыць...
Неаднароднасць партызаншчыны ў Беларусi, яе адмоўныя бакi ўпершыню асудзiла ў нас,знаходзячыся ў эміграцыі, Ларыса Генiюш, у вершах супрацьстаўшы аднабаковаму захлёбнаму іх услаўленню. Менавiта праўдзiвым, шматпланавым паказам партызанскага руху рэалізм Генiюш падтрымаў і з поспехам развiў Васiль Якавенка. Падчас вайны Беларусь стала тэрыторыяй, арэнай партызанкi не толькi прасавецкай, а i прапольскай, праўкраiнскай, беларуска-патрыятычнай. Прапольская Армiя Краёва тут ваявала на два франты -- супраць бальшавiкоў i фашыстаў, брала зброю ў акупантаў на барацьбу з партызанкай, арганiзаванай Масквой. А пісьменнік Якавенка сваім творам сведчыць, што быў у АК яшчэ і трэці фронт – змаганне з карэнным беларускім насельніцтвам,масавае знішчэнне яго па некаторых населеных пунктах і раёнах. Прыгадваю, друкавалiся ў нас успамiны аб жорсткай расправе АК у Налiбоках з нацыянальна-беларускiмi асобнымi атрадамi.
Армiя Краёва на Брэстчыне супрацьстаяла бэндэраўцам, а бэндэраўцы -- атрадам беларуска-савецкiм. Цэлы клубок, да канца не разматаны... Але ж разматванне яго ўжо пачалося ў гэтым творы пісьменніка, дый адразу ўсяго не ахопіш.
А цi асвоены нашым мастацтвам тыя трагедыi i драмы, якiя мелi месца зiмой 1942--1943 гадоў пры замене Масквой партызанскiх камандзiраў, што раней былi членамі КПЗБ? У Слонiме, напрыклад, ужо ў жнiўнi 1941 года былы член Камунiстычнай партыi Заходняй Беларусi Феакцiст Мiско стаў арганiзатарам партызанскага атрада, але Масква на яго месца прыслала новага камандзiра. Сам жа Ф.Мiско стаў неўзабаве ахвярай шалёнай кулi.
I яшчэ: хто ведае, колькi ахвяр панеслi ў слонiмскiх лясах партызаны-яўрэi, калi, паводле спецыяльнага ўказу, падпалi пад каварную расправу -- стрэлы ў спiну падчас сутычак партызан з палiцаямi цi пры блакадзе партызан акупацыйнымi войскамi?
Армiя Краёва была даволi шматлюднай i зацятай, i яшчэ праз дзесяць гадоў пасля вайны ў Налiбоцкай пушчы, напрыклад, у ваколiцы вёскi Мель-Бярозы, дзейнiчаў адзiн з яе атрадаў.
Не здзiвiўся лiчбе банд у Заходняй Беларусi ў пасляваенны час, якую мне ўпотай назваў на пачатку 70-х гадоў Кiрыл Грак -- выкладчык марксiзму-ленiнiзму. Аб дзевяцiстах бандах ён мне гаварыў…
Канешне, у пасляваенны час займалiся разбоем, рабункамi i проста марадзёры, якія прывыклi падчас акупацыi да таго, што яскрава паказвае В.Якавенка ў сваёй трылогіі.
Але, напэўна, былi сярод лясных зухвальнiкаў i свядомыя супраціўнікі бальшавiцкай iдэі. Складаныя сiтуацыi былi, няпростыя гiсторыi i гiсторыйкi чалавечых лёсаў, у цэлым жыцця народнага, аб’ёмна раскрытай пісьменнікам у яго творы.
Трылогiя Якавенкi яшчэ наватарская i тым, як паказвае мотальскае гета, пагромы i ратаванне iюдзеяў мотальцамi, праваслаўным святаром Георгiем. Беларуская пасляваенная лiтаратура мала, вельмi мала выказала пачуццяў жалю i скрухi з-за Халакосту ў Беларусi.
Паўтаруся, што трылогiя “Пакутны век”-- твор наватарскi.Прычым, па многіх параметрах. I праўдай паказу Заходняй Беларусi пасля верасня 1939 года, i паказам народнага жыцця ў акупацыi, у пасляваенны час. Асаблiва -- адлюстраваннем перыпетый нацыянальнага руху ў Беларусi падчас акупацыi i ў савецкi час. Такой поўнай нiкiм яшчэ не паказвалася Беларусь, у тым лiку ў адлюстраванні дзеячаў беларускага Адраджэння -- да таго ж без iдэалiзацыi i без ахайвання, апаскуджвання, якое спрэс панавала ў савецкi час. Чытачу прапануецца рабiць свае высновы аб ксяндзу Вiнцэнту Гадлеўскiм i Радаславу Астроўскiм, баранавiцкiм бургамiстру Сабалеўскiм i паэтэсе Наталлi Арсенневай, Раману Скiрмунту i Янку Генiюшу, Барысу Кіту i Мiкалаю Шчорсу.
Большасць галоўных раманных герояў, а iх шмат -- удача пiсьменнiка: гэта сям'я селянiна Пятра Пiсарчука, асаблiва вобразы самога Пятра, яго сына Барыса, унучкi Манi, святара Раздзялоўскага -- айца Георгiя, капiтана Сяргея Калiнiчэнкi, а таксама Кубэ, сына Сталiна Якава Джугашвiлi... Дарэчы, у поле зроку пісьменніка трапляюць яшчэ і мотальскі рэфарматар калгаса, мільянер, расіянін Апанас Стрыгуноў дый Хрушчоў і Мазураў…
Заслуга Якавенкi -- у пераканаўчым паказе атмасферы перадваеннага часу, калi падпiсваўся Молатавым i Рыбентропам звыродны акт размеркавання ўплываў ва Усходняй Еўропе, Прыбалтыцы. Гэта надзвычай актуальна i важна сёння, калi дзiву даешся рэтраграднаму паўтору прапагандысцкай дэмагогii дзеля вуалявання праўды пра тыя трагiчныя для чалавецтва падзеі ў сучасным кiнематографе. Але як жа цяпер, калi прыадчынiлася сутнасць многiх падзей, пакiдаць па-за ўвагай подласць тагачасных палiтыкаў, подласць прапаганды -- як?! Гэтая подласць каштавала мiльёнаў i мiльёнаў людскiх жыццяў. Таму замоўчванню балючай праўды гiсторыi даравання не можа быць!
Калі хочаце, яшчэ пра наватарства і сакрэт поспеху аўтара. Ён гуманіст і разглядае падзеі і характары, зыходзячы з агульначалавечых пазіцый, а не прынцыпаў сацрэалізму, што ўвайшло было ў традыцыю.
І апошняе,пра што хочацца сказаць. Дзякуючы сінтэзу
ўласна мастацкага, гратэскавага, метафарычнага, філасофскага, публіцыстычнага, узвышана лірычнага, у творы добра адчуваецца толькі яму ўласцівая атмасфера, якой надзелены далёка не ўсе нават добрыя кнігі мастацкай літаратуры.
Не памылюся, калі скажу: эпапея па сваім мастацкім і сэнсавым напаўненні, характары зусім вартая таго, каб прэзентаваць у свеце беларускі народ і стаць яго візітнай карткай.
“Наша слова”,
№46 за 12.11.2008