Паданні нашага краю

Пазнавальная інфармацыя з "Перамогі":
________________________________

ВОЗЕРА ГЛУХОЕ
Шмат стагоддзяў працаваў Нёман сярод узвышшаў ледавіковага паходжання: змяняў рэчышча, ператвараў глыбокія старыцы ў невялікія азярыны. “Дзікімі” азёрамі завуць іх жыхары Панямоння. Паміж вёскамі Каўпінскія і Дзям’янаўцы, узбоч лясной дарогі, дзе панасыпаны капцы, у зарослай елкамі і хмызняком нізіне крутога старажытнага берага, які ўтварыўся многія стагоддзі таму, калі Нёман праносіў тут свае воды, утварылася старыца, адзначаная на карце як возера Глухое. Пра Глухое (ці Дзікае) возера існуе паданне.
Затапіў у ім нарабаваны скарб Напалеон Банапарт, уцякаючы ад палону. З тых часоў кожную ноч выходзіць з азёрнай глыбіні вартаўнік-прывід. Магчыма, паданне і зберагае ў цішы і спакоі тутэйшыя лес, возера, капцы. Дасціпную выдумку і праверыць боязна.

КАЛЕЧАЯ ГАРА
Непадалёку ад вёсак Дукрава і Студзераўшчына (Студзяроўшчына), у густым яловым лесе між пагоркамі, затаіліся капцы ранне-сярэднявечнага могільніка. Яны вышынёю пад два-тры метры і шырынёю да дзесяці-пятнаццаці, з глыбокімі раўкамі вакол паўсфераў. Паблізу іх узвышаецца крутая гара Калечая. На вяршыні гары невялікая пляцоўка. Людзі гавораць, што на гары нельга пасвіць жывёлу, таму што жывёла калечыцца. Гара – самая высокая ў акрузе, пляцоўка на яе вяршыні быццам разраўнаваная. Не выключна, што ў далёкі-далёкі час было тут капішча.
Назва вёскі Студзераўшчына незвычайная. Корань “студ-” стражытнага паходжання, ад слова “стод”. З цягам часу літара “о” перайшла ў літару “у”. У мовах інда-еўрапейскіх народаў зафіксавана два значэнні слова “стод”: “ідал” і “слуп, калона”. На абшарах Дзятлаўскага раёна, здаўна заселеных балтамі, а потым славянамі, у назвах вёсак, мясцовасцяў каля свяцілішчаў адлюстравалася іх гістарычнае мінулае. У назве вёскі Дукрава корань “дукра-” у перакладзе з літоўскай тлумачыцца як “дзяўчына”. У славян гэтак жа зафіксаваны назвы святых гор, якія змяшчаюць у сваёй аснове слова “дзявочая” і вытворныя ад яго. Існаванне на невялікай тэрыторыі назваў Дукрава і Студзераўшчына (Студзяроўшчына), у значэнні курганнага могільніка на схілах Калечай гары і падання пра гару яскрава сведчыць аб магчымым знаходжанні на ёй у даўнейшы час язычніцкага свяцілішча.

КРЫЖ
Каля вёскі Саннікі (Санюкі) знаходзіцца старажытнае гарадзішча. Яно завецца “талерка”. На вяршыні ўзгорка, дзе заканчвае свой узлёт стромкі схіл, ёсць пляцоўка, па перыметры якой можна бачыць невысокі вал. Хутчэй за ўсё, выгляд пляцоўкі і даў назву гарадзішчу. Вучоныя лічаць, што на пляцоўцы жыхары навакольных вёсак выконвалі ў старажытнасці рытуальныя абрады дахрысціянскіх вераванняў.
Размешчана гарадзішча на прыгожым месцы. З поўначы ад яго падножжа ўздымаюцца ступенямі ўзараныя пагоркі. З поўдня, уздоўж ручая Івязянка, утульна раскінулася вёска. Далей за вёскаю небакрай засланілі парослыя лесам узвышшы.
Сярод мясцовага люду бытуе легенда, што даўным-даўно на пляцоўцы ўзвышша стаяла царква. Прайшло шмат гадоў. Царквы не стала, але ў народзе захавалася пра яе памяць, і людзі хадзілі на гару маліцца. Аднаго разу сялянка пайшла на ўзвышша, каб памаліцца Богу, наракаючы яму на цяжкую долю. І толькі пачала свой малебен, як убачыла ланцуг на зямлі. Звёны ланцуга знікалі ў зямлі. Пацягнула жанчына за ланцуг, вызваліла з зямлі трохі звёнаў. Пацягнула яшчэ – з зямлі паказаўся вялікі крыж. Але як ні намагалася выцягнуць увесь крыж, сілы ў яе не ставала. Пачала клікаць дапамогу:
– Людзі, дапамажыце мне выцягнуць мой крыж!
І толькі вымавіла гэтыя словы, як у адзін момант зніклі і крыж, і ланцуг.
У легенды глыбокі сэнс. Кожны павінен несці свой крыж – які б ён ні быў. Ніхто не зробіць за цябе гэтага. У кожнага – свой крыж, свой лёс.

РУМСКІ КАМЕНЬ
Калі ехаць па новай дарозе ад Дзятлава да Раготна, можна ўбачыць супраць вёскі Змяёўцы невялікую лагчыну. Па лагчыне між узгоркаў цячэ ручай. Ручай аброс дрэўцамі, хмызняком. Узгорак на правым беразе ўзараны. На левым беразе растуць невысокія галінастыя сосны. З гэтага ўзлеску ўвечары часта чуваць куванне зязюлі. Каля соснаў відаць парослыя травой каменныя падмуркі колішняга хутара. Даўно не жывуць тут людзі, а месца і цяпер завецца Румы.
Паводле падання, на правабярэжжы калісьці стаяла царква. А потым царква правалілася скрозь зямлю. У гістарычнай літаратуры з такімі паданнямі звязаны месцазнаходжанні археалагічных помнікаў. Аднаго разу ў зарослым дзірваном хмызняку быў знойдзены камень-валун з ледзь прыкметнымі паглыбленнямі, якія надавалі яму абрысы чалавечага твару. Магчыма гэта быў дахрысціянскі бажок. Год праляжаў камень на двары ў Змяёўцах.
А ў наступнае лета, на май, лінуў небывалай моцы лівень. За дзве гадзіны ручаі ператварыліся ў рэкі. На схілах узараных узвышшаў вада прамыла равы. На тым месцы, дзе летась ляжаў валун, утварыўся раўчук глыбінёю да пояса. У двух месцах на сценах раўчука, на глыбіні з паўметра, заўважылі абпаленыя колатыя камяні, вугалькі. Знаходкі вельмі нагадвалі запаўненне капцоў тых мясцін, дзе жылі балты і славяне. Моцны пласт пяску зверху сведчыў пра старажытнае паходжанне знойдзеных рэшткаў. Тады і адкрылася разгадка месца Румы. Сляды кастрышчаў, апрацаваны валун і легенда пра царкву даюць падставу лічыць, што тут у старажытнасці існавала паганскае капішча. Адсюль пачынаўся і ручай, а паводле гістарычных звестак, балты і славяне пакланяліся крыніцам.
Цяпер Румскі камень можна ўбачыць на двары перад Дзятлаўскім музеем.
П. РУСАЎ, археолаг.

Yandex cite