Нашёл материал о дятловчанине, со слов автора достаточно известной личности, а я об этом слышу впервые...
СЛЕД ГОРДАЙ ЗНІЧКІ
Міхась Казлоўскі
Чамусьці, калі я думаю пра ягоны лёс, то ўяўляю няспешна ідучым па вузенькай сцяжынцы сярод лагодных хваль каласістага жыта. Ідзе і светла ўсміхаецца роднаму небу, кучаравым аблачынкам, якія плывуць у таемную даль, ласкаваму ветрыку, што, як бы пацяшаючыся, ускудлачвае яго віхрастыя непаслухмяныя валасы. А вакол на многія кіламетры чутно вясёлае стракатанне конікаў між акіяна даспелых каласоў. Прыветліва ківаюць яму галоўкамі сіне-блакітныя валошкі, шчыра вітаюць бялявыя рамонкі. А ў вышыні бясконцую песню Радзімы спяваюць яму сціплыя птушкі беларускіх палёў. Лявон Мазура вяртаецца дадому. І ніяк не можа дайсці...
Першы раз пра Лявона Мазуру я пачуў у гасціннай хаце Бітэляў у Вішневе, здаецца, недзе пры канцы снежня 1981 года. Гэта былі мае першыя прыезды да гэтых шчырых і сардэчных людзей. Расказваючы пра сваю пакутную жыццёвую адысею, Пятро Іванавіч неяк успомніў, як ствараўся ягоны пераклад паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш” на беларускую мову. І ў сувязі з гэтым згадаў прозвішча Лявона.
- А ведаеш, гэта Лявон Мазура, па сутнасці, натхніў мяне на той пераклад, - сказаў Пятро Іванавіч.
- А хто гэта такі, і як яно адбылося?
- А ты паслухай.
“Здарылася тое, калі не памыляюся, у Камышлагу ў Кемераўскай вобласці. Быў, здаецца, 1951 ці пачатак 1952 года. У наш лагер прыбыла чарговая партыя зняволеных. Сярод іх быў і Лявон Мазура. Жвавы, непаседлівы, шчыры, дапытлівы і сімпатычны юнак, якому было гадоў 17, забраны з 10 класа школы, адразу мне спадабаўся і сваімі паводзінамі, і пазіцыяй. Прыйшоўшы ў лагер, адразу папрасіў крымінальнікаў, каб зрабілі яму татуіроўку з выявай Пагоні на грудзях. І ніякія мае ўгаворы, што гэта выкліча непажаданую рэакцыю ў ахоўнікаў, яшчэ большую нянавісць у лагернага начальства, не дапамаглі. Лявон застаўся цвёрдым у сваім жаданні. А крыху пазней, калі мы з ім па-сапраўднаму пасябравалі, расказаў мне, як ён трапіў у той лагер.
Паходзіў Лявон недзе з-пад Дзятлава. Вучыўся ў Дзятлаўскай сярэдняй школе, якая ў той час ужо была расейскамоўнай. Гэта выклікала ў сэрцах заходнебеларускіх хлопцаў і дзяўчат натуральны працэс супраціву. З’яўляючыся вельмі аўтарытэтным у сваім класе, ён здолеў стварыць са сваіх аднакласнікаў беларускі падпольны незалежніцкі гурток. Галоўнай мэтай яго было супраціўленне гвалтоўнай русіфікацыі, распаўсюджванне праўды пра калгасную сістэму, чытанне забароненай, так званай нацдэмаўскай беларускай літаратуры, змаганне ўсімі даступнымі сродкамі за росквіт нацыянальнай культуры. І невядома, што б атрымалася ў далейшым з гэтай моладзі, калі б не правакатар, які знайшоўся сярод аднакласнікаў. Нейкім чынам хлопцам стала пра гэта вядома, і яны зімой падчас адной танцавальнай вечарынкі выклікалі яго з хаты на панадворак, завязалася бойка, а назаўтра таго правакатара знайшлі мёртвым. Безумоўна, пачалося следства, а потым суд. І каб выратаваць клас ад рэпрэсіяў, Лявон Мазура разам са сваімі сябрамі Янкам Пышкам і Пётрам Коскам узялі забойства на сябе... Так Лявон Мазура апынуўся ў тым лагеры,” – скончыў свой аповяд Пятро Іванавіч Бітэль.
- А што было далей?
- Далей? Далей памёр Сталін, прыйшло палягчэнне зняволеным. Аднойчы ў лагер прыйшла пасылка з прадуктамі, на дне каторай ляжаў аднатомнік з паэмай А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Гэта падзея выклікала незвычайную радасць у тых, хто ведаў польскую мову і шанаваў творчасць слыннага песняра старажытнай Літвы. Але былі з беларусаў і такія, што польскую мову не ведалі і таму не ўсё разумелі ў тым творы. Сярод такіх быў і Лявон Мазура. І, мусіць, таму менавіта ён папрасіў зрабіць пераклад паэмы на беларускую мову. Згадзіўшыся, я неадкладна ўзяўся за тую складаную і адказную працу. Перакладаць было незвычайна цяжка. Перашкаджалі ахоўнікі, не было адпаведнай літаратуры, сябрам па няшчасці прыходзілася за мяне выконваць сутачную норму і г. д. Але ж якая была радасць сярод беларусаў, калі першыя раздзелы паэмы былі перакладзеныя. Асабліва цешыўся Лявон. “Мы цяпер не горшыя за іншых,” – казаў Мазура, радасна ўсміхаючыся. А потым было доўгачаканае вызваленне. Праўда, мой сябра па няволі Лявон Мазура застаўся ў адным з лагераў каля Омска і пра ягоны лёс я нічога больш не ведаю,” – з сумам прамовіў Пятро Іванавіч.
Прайшоў не адзін год з той нашай размовы, і аднойчы вясной 1990 года, прыехаўшы да Пятра Іванавіча (ён у той час жыў ужо ў Маладэчне), я пачуў працяг той гісторыі.
“Ты не паверыш! Тыдзень таму раздаўся тэлефонны званок. Я падняў трубку. І якое ж было маё здзіўленне, калі ў трубцы я пачуў знаёмы голас. Аказваецца, Лявон Мазура прыехаў у Беларусь, зайшоў у Саюз пісьменнікаў (быў упэўнены, што калі я жывы, то абавязкова знаходжуся ў гэтай творчай арганізацыі) і там даведаўся мой хатні тэлефон. Але тым разам сустрэцца нам не давялося. Адклалі на восень наступнага года,” – сказаў Пятро Іванавіч.
Але сустрэча тая, на жаль, не адбылася. 18 кастрычніка 1991 года Пятра Бітэля не стала. А праз нейкі час, па словах жонкі Пятра Іванавіча Ніны Пятроўны, памёр і Лявон Мазура. Толькі ці так гэта, як праверыць, я, на жаль, не ведаў і не ведаю...
Ішлі гады. Многае забылася, выпала і выветрылася, толькі вобраз таго юнака ўчэпіста сядзеў у маёй памяці. Аднаго разу, збіраючы матэрыял пра гісторыю Вілейскай беларускай настаўніцкай семінарыі, я пазнаёміўся з мілай, сардэчнай настаўніцай з Вілейкі Алімпіядай Глебаўнай Гулецкай. Частыя сустрэчы, задушэўныя размовы перараслі ў сапраўдную дружбу. Адным разам, выпадкова загаварыўшы пра лёс паэта Бітэля, я паміж іншым згадаў прозвішча Лявона.
- А я яго вучыла. Ён быў маім найлепшым і любімым вучнем, - прамовіла Алімпіяда Глебаўна.
- Вы яго ведалі і вучылі?!
- Так, - адказала яна.
Я адразу ж у той жа самы дзень папрасіў Алімпіяду Глебаўну напісаць пра яго свае ўспаміны. Праз нейкі час яны былі зроблены і перададзены мне. Знайшлася і маленькая фатаграфія з выявай Лявона. Улічваючы важнасць і каштоўнасць такога кшталту мемуараў, прыводжу іх амаль цалкам.
“Мая сустрэча з Лёнем Мазурам адбылася ў верасні 1949 года ў Дзятлаве. Пасля заканчэння інстытута я была накіравана на працу ў Дзятлаўскую сярэднюю школу настаўніцай матэматыкі 8-10 класаў і класным кіраўніком 8 класа. Вось тут я і сустрэла свайго вучня. Пры знаёмстве з вучнямі я звярнула ўвагу на вельмі шустрага, заўсёды эмацыянальнага хлопца. Быў ён вельмі кампанейскі, сярэдняга росту, хударлявы, вочы чорныя, як вугельчыкі. Хадзіў апрануты ў шэры гарнітур, а зімой – у суконную даматканую куртку. Гэта і быў Лёня Мазура. Усяго ў класе было 10 дзяўчынак і 11 хлопцаў. Усе яны былі ва ўзросце 14-15 год. Лёня вызначаўся добрымі здольнасцямі да вучобы, сяброўскмімі адносінамі з аднакласнікамі. Трэба адзначыць, што ён карыстаўся павагай сярод вучняў 8 класа і часта быў завадзілам (у добрым сэнсе) між сваіх таварышаў. Добрым памагатым быў і для класнага кіраўніка. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце драматычнага гуртка. Любіў браць на сябе адказнасць галоўнага героя ў тых пастаноўках, дзе трэба было сыграць мужнага, адважнага героя. Добра паказаў сябе ў ролі гуцула-змагара (п’еса была пра барацьбу ў Закарпацці). Помню, ставілі п’есу “Старыя сябры”. У гэтай п’есе было паказана жыццё аднакласнікаў-выпускнікоў. Іх жыццё напярэдадні вайны, у вайну і сустрэчу тых, хто застаўся жыць пасля. П’еса вельмі падабалася маім вучням (гэта было ў 9 класе), і тут Лёня паказаў сябе сапраўдным артыстам [...].
Жыў і гадаваўся Леанід у сям’і заможнага селяніна (былога ўласніка млына). Быў у яго старэйшы брат Юрка, які вучыўся ў медыцынскім інстытуце (у той час). Юрка скончыў Дзятлаўскую школу трыма гадамі раней. Хлопцы рана страцілі сваю матулю, якая памерла. Юрка быў добрым прыкладам для брата. Пазней ён памёр пры загадкавых абставінах[...]”.
Вось, здаецца, і ўсё, што я ведаў і хацеў расказаць пра простага сялянскага хлопца з невялікай заходнебеларускай вёскі. Але ставіць кропку ў гэтай гісторыі, я думаю, яшчэ рана. Трэба шукаць. Шукаць ягоныя сляды ды ягоных паплечнікаў – тых, хто ў цёмную і, здаецца, беспрасветную ноч сталінскага дэспатызму імкнуўся абуджаць веру ў вольную і незалежную Беларусь. Яшчэ ў гэтай гісторыі мяне здзіўляе фатальная наканаванасць чалавечага лёсу. Я ж мог ніколі не пачуць пра Мазуру з вуснаў Пятра Бітэля, не сустрэць Алімпіяду Глебаўну Гулецкую. Мог бы... Але здарылася так, як бачна ў гэтым матэрыяле. І я вельмі шчаслівы, што мне ўдалося хоць крышачку расказаць пра чалавека, чыё жыццё нагадвае след гордай знічкі.
... Лявон Мазура вяртаўся дадому. Сцяжынка то звужалася, то раздавалася ў шыркі, даючы магчымасць зазірнуць у глыбіню жытнёвага акіяна. Да роднай вёскі заставалася некалькі сотняў метраў. Яшчэ нейкая гадзіна – і ён убачыць старэнькі вяз над роднай хацінай, пачуе такі знаёмы скрып калодзежнага жураўля, радасны клёкат бусла прывітае яго вяртанне... Лявон Мазура вяртаўся дадому. І ніколі не вернецца назад!
Куфэрак Віленшчыны
__________________________
ЦIКАВА I СУМНА.
ЦIКАВА I СУМНА.