У завулку-тупіку

Завулак Фогеля ў Дзятлаве маленькі: шэсць хат на адзін бок ды пяць на другі. Да нядаўняга часу тут быў тупік — заехаць можна, а каб выехаць, трэба паварочваць назад. Амаль усе насельнікі завулка — людзі сталага веку. Усё жыццё сумленна адпрацаваўшы, зарабілі хто крышку больш за 300 тысяч рублёў пенсіі, а хто крышку больш за 200. Ці трэба казаць, што з такімі грашыма яны ледзь зводзяць канцы з канцамі, а таму павінны працаваць і цяпер на сваіх падвор’ях. Яшчэ некалькі гадоў таму назад амаль у кожным двары трымалі карову, а хто і па дзве. Цяпер карова засталася толькі ў Ірыны Загдай. Жанчыне ўжо за семдзесят гадоў, а яна сама і косіць, і возіць, і праз дзень пасе ў полі, бо ва ўсёй ваколіцы ўсяго дзве рагулі: у яе ды яшчэ ў пенсіянеркі Соф’і Андрукевіч з вуліцы Гагарына.

Усе жыхары завулка Фогеля трымаюць свойскую птушку, а хто і пару парасят. Як, напрыклад, Марыя Райдзюк. У Марыі Аляксандраўны вельмі хворыя ногі, яна з цяжкасцю ходзіць, але з рання да змяркання тупае і тупае па гаспадарцы. Двое старэйшых унукаў вучацца на платным аддзяленні, і жанчына з усіх сіл стараецца дапамагчы сыну і нявестцы ўсім, чым толькі можа. Ды і малодшаму сыну, у якога таксама двое дзетак, не лішняя матуліна дапамога.
Насупроць Марыі Аляксандраўны жыве Зінаіда Каско, або, як яе ўсе тут называюць, баба Зіна. Кабета мае восемдзесят два гады. Амаль штодня, наладаваўшы сумкі ягадамі ды рознай зелянінай, яна ідзе на гарадскі рынак: зарабляе надбаўку ды мізэрнай пенсіі.
Баба Зіна рана засталася ўдавой. Муж пакінуў яе з двума дзецьмі на руках. Дачка Валя то ўжо падрасла да таго часу, а сын Ванечка быў зусім дзіця горкае. Выгадавала кабета дзяцей. Дачку замуж аддала за добрага чалавека. А з сынам здарылася вялікае няшчасце: суседскі хлопец па неасцярожнасці прастрэліў яму руку. Ды так, што кісць дактары ўратаваць не змаглі. Застаўся Ваня калекам, але навучыўся і адной рукой рабіць усякую работу. Хоць і горкай была тая радасць, але баба Зіна радавалася, што калецтва не зламала сына, што ён мужна нёс свой крыж. Ды нядоўга. У адну з вясновых начэй Ваня нечакана памёр. Ціха, у сне, нават маме не паскардзіўся ні на які боль…

Потым хвароба скруціла саму бабу Зіну. Не тое, што рабіць, хадзіць не магла. Думала, усё, не ўстане больш з пасцелі. Але Бог злітаваўся над ёй, паслаў збавенне ад цяжкай хваробы. Цяпер яна, нягледзячы на пастаянную занятасць, часта ходзіць у царкву маліцца. І жыве па божых законах: ніколі нікога не асудзіць, не пакрыўдзіць чалавека ні злым словам, ні няласкавым поглядам. Дабром і спагадай свецяцца яе вочы, што выплакалі за жыццё столькі слёз…
Зінаіда Карпека мае вышэйшую адукацыю. Некалі займала добрую, па раённых мерках, пасаду, а цяпер, як і ўсе суседкі, пенсіянерка. Удава. Як і яны, шчыруе на сваім падвор’і. І сабе трэба, і дзецям і ўнукам трэба дапамагчы.
Соф’я Герус некалі марыла аб вышэйшай адукацыі, бо ў школе вучылася вельмі добра. Але калі сказала пра гэта бацькам, то маці стала сцяной:
— Ты што надумалася? А хто мне дапаможа калгасныя дзялкі палоць?
З чатырох дзяцей Соня была малодшай, два браты і сястра ўжо мелі свае сем’і, і бацькі спадзяваліся больш на яе, чым на іх.
Аднак з тых дзялак карысці не было: работа цяжкая, а даходу ніякага. Тады ўжо бацькі адумаліся. Яны і рады былі б адпусціць з дому Соню, а старшыня калгаса не даваў даведкі на атрыманне пашпарту. Адна дарога была маладой дзяўчыне — на будоўлю цэглу цягаць. Туды з калгаса мусілі адпусціць.
Так Соня вырвалася з вёскі. Працавала на будоўлі, потым доўгія гады, аж да самай пенсіі, была старшым кантралёрам у энергазбыце.
Самой не ўдалося атрымаць адукацыю, але Соф’я Баляславаўна ўсё рабіла і робіць дзеля таго, каб яе дзеці і ўнукі былі адукаванымі людзьмі. Са сціплай пенсіі рубель выкраіць цяжка, дык яна кожнае лета даглядае поўны двор свойскай птушкі. У яе і куры, і індыкі, і качкі. Дзякуючы нястомнай мамінай працы і, вядома ж, свайму ўласнаму старанню, старэйшая дачка Галіна скончыла кансерваторыю, працуе завучам у адным з музычных вучылішчаў. Сярэдняя, Наталля, лічы, выгадаваўшы дзяцей, паступіла ў Мінскі універсітэт імя Максіма Танка. На наступны год атрымае дыплом. Малодшая, Таня, стала бухгалтарам. Старэйшы ўнук, сын Галіны, вучыцца на перакладчыкам у Мінскім лінгвістычным універсітэце.

Не так даўно з завулка-тупіка зрабілі прамы выезд, раскідаўшы старыя гаражы былой ветэрынарнай лячэбніцы. Гэта мне здаецца сімвалічным, бо дзеці і ўнукі насельнікаў завулка ўжо не будуць жыць так, як іхнія бацькі, бабулі і дзядулі. Яны атрымліваюць вышэйшую адукацыю, думаюць і разважаюць па-новаму. Былі ў краінах Заходняй Еўропы і расказалі бацькам, што савецкі лад жыцця, які ў нас так хвалілі на ўсіх скрыжаваннях, у цывілізаваных людзей у лепшым выпадку выклікае горкую ўсмешку. Яны ўжо ведаюць, што чалавек мае права на ўласную думку, на годнае жыццё. А яшчэ, вярнуўшыся ­з-за мяжы, расказваюць, што там людзі сталага веку, атрымаўшы пенсію, не маюць патрэбы траціць сілы на тое, каб гадаваць хатнюю жывёлу ды птушку, да сёмага поту шчыраваць на агародах. Яны, маўляў, падарожнічаюць па розных краінах, адпачываюць у поўным сэнсе гэтага слова. У іх хапае на гэта грошай, бо дзяржава па-сапраўднаму клапоціцца пра сваіх грамадзян. І пажылых, і маладых.

Але некаторым старым з завулка Фогеля гэта не вельмі зразумела, бо яны прывыклі ўсё жыццё хадзіць пад бізуном, рабіць тое, што скажуць, і думаць так, як скажуць. І ніякага дзіва няма, што многае з таго, пра што гавораць маладыя, да іх, так бы мовіць, не даходзіць.
— О, цяпер жыць добра, — кажа адна васьмідзесяцігадовая бабуля, якая атрымлівае крышку больш за дзвесце тысяч рублёў пенсіі і есць, як сама казала, малако, тварог ды батон. — Некалі я са сваёй вёскі ў Дзятлава за дзевяць кіламетраў босая хадзіла, бо абуць не было чаго, а цяпер маю і боты, і туфлі, і тапкі….
— І гумовыя шлёпанцы, — хітра прыжмурыўшы вочкі, падказвае малая праўнучка.
Разумныя людзі ва ўсёй краіне шукаюць выйсце з тупіка. І знойдуць, бо час цяпер такі, што нельга жыць па-ранейшаму. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, а не на якім-небудзь закінутым востраве.

Леанарда Юргилевич
Газета Слонімская

__________________________

Internet Map Rambler's Top100 Rating All.BY Yandex cite