Сэнс жыцця — кераміка

Увагу многіх наведвальнікаў Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея адразу прыцягвае калекцыя мастацкай керамікі Мікалая Несцярэўскага: пано, посуд, дэкаратыўная скульптура і пласты — каля 70 аўтарскіх работ.

Мяне вельмі ўражвае, калі бачу, як кавалак звычайнай гліны ў спрытных руках таленавітага мастака-кераміста ператвараецца ў адмысловую фігурку народнага музыкі або дзівосную фантастычную птушку. Творы гэтага кераміста кранаюць душу сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю.
— Вельмі прыемна, што шэраг маіх работ застанецца ў Дзятлаве, блізкім для сэрца горадзе, дзе прайшло незабыўнае юнацтва, — зазначыў Мікалай Лаўрэнцьевіч падчас перадачы музею сваіх твораў. — Няхай далучэнне да прыгожага абуджае ў людзях усё самае лепшае і заўсёды прыносіць радасць.

У мастака было шмат захапленняў, але менавіта кераміка стала сэнсам жыцця. Тут ён знайшоў сябе і ўласны мастацкі стыль. Вырабы Мікалая Несцярэўскага аздобілі інтэр’еры шматлікіх будынкаў у Мінску, Гродне і нават Валгаградзе. Мінчане добра ведаюць кафэ “Бульбяная” на праспекце Незалежнасці, дзе ўсе керамічныя вырабы — плён працы гэтага творцы. Кераміст з Дзятлава — адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў,
якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа”. Мастак аздобіў сваімі работамі краму “Мінск” у Валгаградзе, кавярні ў Салігорску і Светлагорску, працаваў над афармленнем будынка аэрапорта “Мінск-2”. Сцены Гродзенскага тэатра лялек, Дзятлаўскай гімназіі таксама ўпрыгожаны творамі майстра.

Многія керамічныя работы Мікалая Лаўрэнцьевіча занялі пачэснае месца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах, але большая частка яго твораў захоўваецца на Дзятлаўшчыне. У фондах тутэйшага музея налічваецца каля 200 работ маста-
ка. І амаль усе яны падораны. Творца перадаў сюды калекцыю дэкаратыўных скульптур аб’ёмных формаў, серыю керамічных плакетак з выявамі дзяржаўных дзеячаў старажытнай Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, керамічныя партрэты дзеячаў беларускага Адраджэння.

Іосіф ЗАЯЦ
Літаратура і Мастацтва

Yandex cite