Вечнатворчасць Міхася Петрыкевіча

Днямі ў выдавецтве “Кнігазбор” у Мінску выйшла ў свет кніга заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўца Міхася Петрыкевіча (1913-1999) “Народжаны вечнасць тварыць”.

Асноўную частку кнігі складаюць краязнаўчыя артыкулы Міхася Петрыкевіча пра Дзятлаўшчыну, дзе аўтар распавядае пра гісторыю свайго роднага краю ад старажытнасці да другой паловы ХХ стагоддзя.

У другую частку кнігі ўвайшлі ўспаміны пра аўтара яго сяброў-паплечнікаў і сына Валерыя. Пра Міхася Петрыкевіча тут успамінаюць Уладзімір Калеснік, Вольга Іпатава, Уладзімір Васько, Фёдар Красюк, Адам Мальдзіс, Тамара Палховіч і Леанарда Юргілевіч.

Petrikevich_book.jpg

Апошнюю частку кнігі склалі пісьмы і паштоўкі, дасланыя ў Дзятлава Міхасю Петрыкевічу яго сябрамі ды аднадумцамі. Акрамя згаданых вышэй, тут мы сустрэнем прозвішчы ўкраінскага паэта Максіма Рыльскага, нашых пісьменнікаў, паэтаў ды навукоўцаў Янкі Брыля, Максіма Танка, Івана Міско, Рыгора Бярозкіна, Льва Мірачыцкага і некаторых іншых. Гэтая эпісталярыя сёння ўспрымаецца як дакумент таго часу, калі лісты і паштоўкі чытаў іх атрымальнік. Па датах — гэта 1963-1992 гады мінулага стагоддзя.

Варта адзначыць, што пад адну вокладку краязнаўчую спадчыну выбітнога жыхара Дзятлава ды ўспаміны пра яго сабраў укладальнік кнігі, аўтар прадмовы “Лёс Міхася Петрыкевіча” і аўтар каментараў да лістоў Сяргей Чыгрын.

Як паведаміў укладальнік у размове з карэспандэнтам “ГС”, прэзентацыя кнігі Міхася Петрыкевіча “Народжаны вечнасць тварыць” адбудзецца ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў пачатку снежня, дзе ахвотныя змогуць яе набыць. Выданне таксама прадаецца ў кнігарні “Акадэмічная кніга” ў Мінску. Наклад кнігі абмежаваны — 100 асобнікаў.

Даведка

Беларускі настаўнік, краязнавец, музейшчык Міхась Фёдаравіч Петрыкевіч (1913-1999) быў унікальным чалавекам, але найперш вельмі таленавітым і працалюбівым.

Любоў да людзей, да роднай зямлі прывілі яму яшчэ бацькі ў вёсцы Падкасоўе, што на Навагрудчыне. Там ён і з’явіўся на свет 31 ліпеня 1913 года. Бацька меў толькі 5 гектараў зямлі, таму асаблівага дастатку не было, але жылі не без хлеба. Трывожыла аднак думка, як будуць жыць далей, калі прыйдзецца на пяцярых дзяцей падзяліць бацькавы загоны на пяць частак. Можа таму і вырашылі ў сям’і, каб хаця адзін з іх здабыў адукацыю і адмовіўся ад спадчыны. Гэты выбар дастаўся Міхасю.

У 1925 годзе пасля заканчэння чатырохкласнай пачатковай школы бацька адвозіць сына ў Адамполь (былы маёнтак графа Храптовіча), дзе польскія ўлады адкрылі дзвюхгадовую школу для падрыхтоўкі кандыдатаў у настаўніцкую семінарыю. У гэтай школе вучыліся дзеці небагатых паноў, чыноўнікаў-палякаў, было некалькі і сялянскіх дзяцей-беларусаў.

Падчас вучобы ў былым маёнтку Храптовічаў, да Міхася Петрыкевіча прыходзіць сумная вестка — памірае бацька. Хлопчык вяртаецца ў родную вёску. Але сям’я вырашае, што здольны да навукі Міхась павінен працягваць вучобу. І ён пасля школы паступае ў Наваградскую беларускую гімназію.

Вучыўся юнак добра. Але ў апошнім класе далучыўся да камсамольцаў Заходняй Беларусі, за што Наваградскі акруговы суд прыгаварыў яго да трох гадоў зняволення і пазбаваіў на 10 гадоў усіх грамадзянскіх правоў.

У 1934 годзе Міхась Петрыкевіч выйшаў на волю, аднак вучыцца не меў права, ды і на працу не бралі. Таму падаўся ажно ў Налібоцкую пушчу. Улаткаваўся дрывасекам, але і там непрыкметна займаўся агітацыйна-масавай работай сярод лесарубаў і возчыкам лесу.

У верасні 1939 года ў Заходнюю Беларусь прыходзіць савецкая ўлада. Міхась Петрыкевіч вяртаецца з Налібоцкай пушчы і едзе ў Наваградак. Там працуе загадчыкам аднаго са школьных інтэрнатаў першай Наваградскай школы, а ў вольны час рыхтаваўся да паступлення ў інстытут. А ў 1940 годзе Міхась Петрыкевіч паступае на літфак Беластоцкага педінстытута. У сваім хатнім архіве знайшоў згадку ўспамінаў пра сустрэчу Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Беластоцкім педінстытуце. Гэтую згадку некалі мне даслаў сам Міхась Петрыкевіч.

У пісьме Міхась Фёдаравіч прыгадваў наступнае: “Гэта было 14 кастрычніка 1940 года ў горадзе Беластоку. Я тады вучыўся ў Беластоцкім педінстытуце на літаратурным факультэце. Вялікай падзеяй у жыцці інстытута і маім асабістым жыцці была нечаканая першая сустрэча з Народнымі паэтамі Беларусі Янкам Купалам і Якубам Коласам. У Беластоку тады праходзіла выязная сесія АН БССР. На сесіі прысутнічалі і народныя песняры. Калі мы пра гэта даведаліся, то аднадушна вырашылі арганізавааць у інстытуце сустрэчу з паэтамі. Дырэкцыя інстытута падтрымала нашу ініцыятыву. На хуткую руку мы падрыхтавалі невялікі канцэрт, выпусцілі спецыяльны нумар насценнай газеты.

14 кастрычніка пад вечар дэлегацыя студэнтаў, сярод якіх быў і я, адправілася ў памяшканне, дзе праходзіла сесія. Калі літаратарам перадалі нашу просьбу, то яны адразу пагадзіліся з намі сустрэцца. Мы крыху пачакалі. І раптам з прэзідыума выйшлі народныя паэты, ветліва прывіталіся, і мы накіраваліся ў педінстытут. Нашаму шчасцю не было канца. Трэба было ісці не менш кіламетра, і ўвесь гэты час мы маглі свабодна гутарыць з любымымі паэтамі. Вечар быў цёплы і ціхі. Ападала лісце з ліп і каштанаў. Вясёлая грамада абступіла паэтаў, мы ішлі гурбою. Янка Купала ўвесь час жартаваў, а мы смяяліся.

Я ішоў побач з Якубам Коласам. Ён цікавіўся нашым мінулым, пытаўся адкуль мы родам. Калі даведаўся, што я з Наваградчыны, то сказаў: “Добра ведаю Наваградчыну. Слаўныя там людзі, прыгожая прырода. У мяне было многа блізкіх таварышаў з Наваградчыны”.

Актавая зала была ўжо поўнай, калі мы прыйшлі. Паэтаў сустракалі дружнымі і доўгімі апладысментамі. Песняры раскланяліся, распрануліся і селі за стол прэзідыума. Кароткую прамову сказаў супрацоўнік АН БССР Барысенка В.В., які суправаджаў паэтаў. Потым выступілі з чытаннем сваіх вершаў Янка Купала і Якуб Колас. Што яны чыталі — я ўжо не памятаю. Мы як зачараваныя слухалі іх, запаміналі міміку, жэсты. Асабліва запомнілася, што голас Якуба Коласа быў гучны і звонкі.

Паэты падзякавалі за цёплы прыём, пажадалі нам поспехаў у вучобе, напомнілі пра вялікую адказнасць настаўнікаў перад народам, пра тое, што заходнія вобласці чакаюць нас, каб ліквідаваць адсталасць народа, павысіць яго культуру.

У перапынку мы папрасілі падпісаць нам кнігі. Паэты разгубіліся, бо ў іх не было з сабой кніг. Калі ж яны даведаліся, што мы самі купілі іх кнігі, — ахвотна падпісалі на памяць аб сустрэчы некалькі дзесяткаў сваіх кніг. Янка Купала падпісаў мне свой зборнічак “Над ракой Арэсай”, а Якуб Колас — зборнік выбраных твораў.

Калі пачалася вайна, я вырваў тытульныя лісты з аўтографамі і насіў іх з сабой. Але на фронце, дзе я быў, яны згубіліся. Янку Купалу я больш ніколі ў жыцці не бачыў, а Якуба Коласа сустракаў некалькі разоў пасля вайны. Аднак першая сустрэча ў Беластоку была самая яркая, самая хвалюючая і запомнілася мне назаўсёды”.

Падчас вучобы ў Беластоку Міхась Петрыкевіч працаваў і настаўнікам па ліквідацыі бязграматнасці на абцасавай фабрыцы ў горадзе Беластоку. Сын Міхася Петрыкевіча Валерый Міхайлавіч перадаў мне цікавы дакумент на рускай мове. Гэты дакумент адрасаваны быў у Навагрудскі раённы аддзел народнай адукацыі ад грамадзяніна Зазекі Іосіфа Васільевіча з Мінска. У заяве спадар Зазека паведамляў і пацвярджаў наступнае: “Пацвярджаю, што на самай справе гр-н Петрыкевіч Міхаіл Фёдаравіч падчас вучобы ў Беластоцкім педагагічным інстытуце па накіраванню Беластоцкага гарана працаваў з верасня 1940 года па красавік 1941 года настаўнікам па ліквідацыі бязграматнасці на абцасавай фабрыцы ў горадзе Беластоку. Я ў гэтыя гады працаваў намеснікам дырэктара па навучальнай частцы Беластоцкага педінстытута і даваў рэкамендацыю ў гарана для прыёму Петрыкевіча М.Ф. на працу настаўнікам па ліквідацыі бязграматнасці, што і пацвярджаю сваім подпісам. І.Зазека”.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Міхась пакінуў Беласток і вярнуўся на радзіму. Аднойчы ён атрымлівае загад з Любчанскай управы з’явіцца на работу, а калі не з’явіцца, то адправяць у Германію альбо расстраляюць. Вядома ж, з’явіўся. Стаў працаваць у раённым дарожным аддзеле рахункаводам. Адначасова выконваў некаторыя заданні падпольнай патрыятычнай групы праз майстра Францкевіча з вёскі Пліса, перасылаў патрэбныя звесткім партызанам. Нягледзячы на рызыку, залічыў фіктыўна на дарожныя работы звыш 150 чалавек, якім пагражала высылка ў Германію. Пазней удалося наладзіць сувязь з тым самым намеснікам дырэктара Беластоцкага педінстытута Іосіфам Засекам, які працаваў у падполлі ў Свіслацкім раёне.

Летам 1944 года Міхася Петрыкевіча забралі служыць у войска. У 1946 годзе ён дэмабілізаваўся і адразу паступіў на другі курс Мінскага педінстытута. Стаў працаваць у Карэліцкай школе, а потым быў пераведзены на пасаду завуча ў Валеўскую сярэднюю школу Навагрудскага раёна. Там у Міхася Фёдаравіча ўзнікла думка стварыць школьны краязнаўчы музей. Дапамагаў яму ў гэтым і настаўнік Уладзімір Урбановіч. Усё пачыналася з маленькага пакойчыка, з невялікай колькасці экспанатаў. Краязнаўчая праца захапіла не толькі настаўнікаў, але і ўсіх вучняў, якія актыўна падключыліся да збору звестак аб паходжанні роднай вёскі Валеўка, гісторыі развіцця і станаўлення школы, вядомых людзей вёскі і г.д.

Так з’явіліся першыя экспанаты: грыфільная дошка, катомка, з якой хадзілі ў школу, падручнікі, рэчы сялянскага попыту. Музей пачынаў пашырацца, а ў 1968 годзе яму было прысвоена званне Народнага. Школьны музей у Валеўцы стаў вядомы на ўсю Беларусь, а далёка за межы Навагрудскага раёна разнеслася і чутка пра нястомнага настаўніка-краязнаўцу Міхася Петрыкевіча. Даведаліся пра Міхася Фёдаравіча і ў Дзятлаве. А аднойчы прыехалі адтуль яго “сватаць” да сябе.

Цяжка было рушыць вопытнаму педагогу, які ўжо меў званне заслужанага настаўніка БССР (1965) з Валеўскай сярэдняй школы, таму і не адразу пагадзіўся на пераезд у Дзятлава. Але ўсё ж перамагла прага навізны, прага нязведанага. Таму з сям’ёй Міхась Петрыкевіч пераязджае ў 1967 годзе ў Дзятлава і адразу пачаў шукаць матэрыялы, ездзіць па архівах і музеях, па вёсках раёна, дык так захапіўся пошукамі матэрыялаў для будучага Дзятлаўскага раённага музея, што ўжо ні аб чым іншым не мог думаць.

Пятро Чырко тады працаваў дырэктарам раённага Дома культуры, а цяпер ён — намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, які добра ведаў Міхася Петрыкевіча, падчас ягонага 100-гадовага юбілею ў Дзятлаўскім музеі, прыгадваў: “Неяк у абедзены перапынак прыбягае джа мяне Міхаі Фёдаравіч і кажа: “Паехалі хутчэй на хутар, там ёсць на паддашку жорны”. Паехалі мы. А на вуліцы — снег, завіруха. Кажу: “Давай пачакаем трохі”. “Ды не, — кажа, — а раптам хто забярэ”. Ледзьве прабіліся да хутар. А калі ўжо забралі тыя жорны, быў Міхась Фёдаравіч вельмі шчаслівы. Так радаваўся, нібы клад знайшоў. Потым кажа: “Пятро, гэта такая рэч!”.

Дзякуючы Міхасю Петрыкевічу 5 мая 1968 года ў Дзятлаве быў адкрыты Дзятлаўскі музей народнай славы. Пра свой музей і экспанаты ў музеі, Міхась Петрыкевіч мог расказваць суткамі. Гэта было цікавейшае падарожжа па мінулай і сучаснай гісторыі Дзятлаўшчыны. Наведвальнікі слухалі і дзівіліся яго апантанасці і памяці. Ён ведаў гісторыю кожнага экспаната, адкуль і як ён трапіў у музей. А за многімі экспанатамі цягнуўся доўгі ланцужок людзей і падзей…

За сваё жыццё Міхась Петрыкевіч быў узнагароджаны шматлікімі дыпломамі, медалямі, ганаровымі граматамі. Дзякуючы нястомнай пошукавай і даследчай працы, Міхасю Петрыкевічу ўдалося адкрыць новыя імёны, вярнуць і ўвекавечыць забытую славу некаторых людзей. З яго ініцыятывы былі ўстаноўлены многія помнікі і адкрыты мемарыяльныя дошкі (у прыватнасці, Ігнату Дварчаніну ў вёсцы Погіры), а вуліцам прысвоена імя героя ці знакамітага земляка. Вяртанне гэтых імёнаў не заўсёды было простым.

З 1967 года Міхась Петрыкевіч друкаваў у газетах і часопісах артыкулы на розныя краязнаўчыя тэмы. Вельмі шчыра сябраваў з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Уладзімірам Калеснікам, Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, Анатолем Іверсам, Фёдарам Янкоўскім, Янкам Скрыганам і многімі іншымі.Дзесяткі кніг з аўтографамі зберагаюцца ў Дзятлаўскім музеі і ў сына Валерыя Петрыкевіча дома ў Дзятлаве. “Міхасю Петрыкевічу — добраму сябру”, — напісаў Янка Брыль на сваёй кнізе “Золак, убачаны здалёк” 11 мая 1979 года. На на сваёй кнізе “Час і песні” Уладзімір Калеснік пакінуў такі аўтограф: “Міхаілу Фёдаравічу Калесніку — па-сяброўску. У.Калеснік. 24 чэрвеня 1963 г.”.

Каля 20 гадоў ён аддаў Дзятлаўшчыне, роднаму музею. А потым пераехаў жыць у Вільню да дачкі Святланы і да ўнукаў, хаця не парываў сувязяў з музеем, часта прыязджаў у Дзятлава, пісаў пісьмы, даваў парады, цікавіўся музейнымі справамі. А ў Вільні Міхась Фёдаравіч наведваў Таварыства беларускай культуры, бываў на усіх беларускіх мерапрыемствах… 6 сакавіка 1999 года яго не стала. Не стала светлага, таленавітага, шчырага беларуса, але засталіся ў Валеўцы і ў Дзятлаве яго музеі, па ўсім свеце жывуць і працуюць яго вучні, якіх ён любіў, а яны любілі і паважалі свайго Настаўніка…

Сёлета 2 жніўня ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым адзначылі 100-годдзя з дня нараджэння Міхася Петрыкевіча. Падчас ушанавання супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама пасмяротна занеслі яго імя ў ганаровую Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Дакумент пра гэта і спецыяльны кубак былі ўручаны сыну Валерыю Петрыкевічу. Дарэчы, гэта другі раз імя Міхася Петрыкевіча заносіцца ў раённую кнігу Славы. Першы раз яго занеслі, але потым, як палітычна ненадзейнага чалавека, выкраслілі. І вось новае вяртанне шаноўнага педагога і краязнаўца ў Кнігу вялікіх людзей Дзятлаўшчыны. Справядлівасць, як кажуць, перамагла.

Сяргей ЧЫГРЫН

Yandex cite