прэса

Звязда: Прыцягальнасць прафесii педагога ў грамадстве iмклiва знiжаецца...

Нечакана цікавую дыскусійную хвалю падняла афіцыйная рэспубліканская газета з недарэчнай назвай "Звязда" ("родная газета на роднай мове", ага). Шэраг артыкулаў на працягу сакавіка закранаюць шмат надзённых балючых пытанняў нашай беларускай рэчаіснасці. Прапаную Вашай ўвазе іх тэкст цалкам з захаванымі спасылкамі на арыгінал. Дарэчы, сярод каментарыяў ніжэй існуе адзін і ад настаўніка адной з дзятлаўскіх школ.


02 сакавiка 2010 года
№ 38 (26655)

Прыцягальнасць прафесii педагога ў грамадстве iмклiва знiжаецца...

Што неабходна зрабiць для павышэння ў грамадстве статусу педагога? Як прыцягнуць у адукацыйную галiну педагогаў-мужчын? Як замацаваць маладых спецыялiстаў на iх першым працоўным месцы? Дзе знайсцi рэсурсы, каб захаваць высокапрафесiйныя кадры ва ўстановах дашкольнай адукацыi? Гэтыя пытаннi былi ў цэнтры ўвагi ўдзельнiкаў калегii, прысвечанай падвядзенню вынiкаў выканання Пагаднення памiж Мiнiстэрствам адукацыi i Беларускiм прафесiйным саюзам адукацыi i навукi на 2007—2009 гады.

— Адукацыя — тая сфера, якая закранае iнтарэсы практычна кожнага жыхара нашай краiны, таму фармiраванне высокапрафесiйнага асяроддзя мае ключавое значэнне для стабiльнага функцыянавання i паспяховага развiцця галiны, — падкрэслiў у сваiм выступленнi намеснiк мiнiстра адукацыi Беларусі Казiмiр ФАРЫНО. — Цяпер у агульнаадукацыйных установах нашай краiны працуюць больш як 110 тысяч педагагiчных работнiкаў, 91 працэнт з iх маюць вышэйшую адукацыю i 9 працэнтаў — сярэднюю спецыяльную. У школах у якасцi настаўнiкаў працуюць больш як 360 студэнтаў i амаль 8 тысяч работнiкаў у пенсiйным узросце. Вельмi шкада, што працягвае змяншацца прадстаўнiцтва сярод школьных настаўнiкаў педагогаў-мужчын. У агульнаадукацыйных установах працуюць 16 070 мужчын (гэта толькi 14,5 працэнта ад агульнай колькасцi). У папярэднiм годзе iх было 17 260 чалавек, або 15 працэнтаў ад агульнай колькасцi.

Вышэйшую i першую квалiфiкацыйную катэгорыю маюць амаль 74 працэнты настаўнiкаў. Казiмiр Фарыно заўважыў, што працэдура атэстацыi педагагiчных кадраў апошнiм часам iстотна спрасцiлася. У прыватнасцi, пашырыўся пералiк асобаў, якiя пры пераходзе з адной педагагiчнай пасады на iншую маюць права прэтэндаваць на тую ж квалiфiкацыйную катэгорыю, якую яны мелi раней. Педагагiчным работнiкам са стажам працы на пасадзе 10 i больш гадоў дадзена права прэтэндаваць на вышэйшую катэгорыю без здачы квалiфiкацыйнага экзамену.

— Разам з тым, у шэрагу устаноў адсутнiчае глыбокi аналiз дзейнасцi настаўнiкаў i да пытанняў атэстацыi педагогаў падыходзяць фармальна, — падзялiўся сваiм меркаваннем Казiмiр Фарыно. — Магчыма, трэба разгледзець пытанне пацвярджэння вышэйшай катэгорыi адзiн раз у пяць гадоў...

Вельмi актуальным з'яўляецца замацаванне маладых спецыялiстаў па месцы iх размеркавання пасля завяршэння тэрмiну абавязковай адпрацоўкi.

— Мы лiчым, што трэба выкарыстоўваць самыя розныя меры сацыяльнай падтрымкi маладых спецыялiстаў, — падкрэслiў Казiмiр Фарыно. — У шэрагу раёнаў Брэсцкай вобласцi маладым спецыялiстам, якiя працуюць у сельскай мясцовасцi, штомесяц даплачваюць адну базавую велiчыню. У Веткаўскiм, Нараўлянскiм, Кармянскiм раёнах Гомельскай вобласцi маладыя спецыялiсты забяспечваюцца жыллём з жыллёвага фонду райвыканкамаў i сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Я ўпэўнены, што якасна працуе той педагог, якi не заклапочаны жыллёвымi праблемамi i ўпэўнены ў заўтрашнiм днi.

Паляпшэнню псiхалагiчнага становiшча ў калектывах, а таксама павышэнню адказнасцi работнiкаў спрыяе рост колькасцi кантрактаў, заключаных з педагагiчнымi работнiкамi на пяцiгадовы тэрмiн. Разам з тым, намецiлася i негатыўная тэндэнцыя — за апошнi год павялiчылася колькасць кантрактаў, заключаных з педагагiчнымi работнiкамi тэрмiнам на адзiн год. Калi ў 2008 годзе iх доля складала 16,7 працэнта ў агульнай колькасцi, то летась — ужо 17,8 працэнта. Заўважана, што часцей за ўсё "асцярожнiчаюць" з кароткатэрмiновымi кантрактамi наваспечаныя кiраўнiкi, аднак такая "асцярожнасць" павялiчвае сацыяльнае напружанне ў калектыве. Кантракты, заключаныя тэрмiнам на адзiн год, фактычна пераўтвараюцца ў iнструмент адмiнiстрацыйнага цiску: педагогi не могуць адчуваць сябе ўпэўнена i справядлiва хвалююцца за сваю будучыню. Дарэчы, на 1 студзеня 2010 года, па звестках прафсаюзных органаў, у Цэнтрах занятасцi насельнiцтва знаходзiлiся на ўлiку 722 былыя работнiкi адукацыйнай галiны, з iх педагогаў — 531 чалавек.

Найбольш актуальнае пытанне для настаўнiцтва — памеры заробкаў. У 2009 годзе сярэднямесячная заработная плата работнiкаў адукацыi склала 693,9 тысячы рублёў, або 248 долараў.

Наша галiна па-ранейшаму займае пятае месца сярод бюджэтных галiн па ўзроўнi заработнай платы, на якое яна перамясцiлася ў красавiку 2007 года, — паведамiў старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Аляксандр БОЙКА. — Нягледзячы на павелiчэнне з 1 студзеня 2009 года тарыфных ставак педагогам на 5 працэнтаў, устанаўленне даплат маладым спецыялiстам i надбавак за наяўнасць квалiфiкацыйнай катэгорыi кiраўнiкам i iх намеснiкам, адукацыя так i не змагла вярнуцца на сваё традыцыйнае чацвёртае месца, якое цяпер займае галiна культуры i мастацтва. На жаль, знiжаецца паказчык суадносiнаў сярэднямесячнай заработнай платы ў галiне да мiнiмальнага спажывецкага бюджэту. Такiм чынам знiжаецца не толькi пакупнiцкая здольнасць работнiкаў сiстэмы адукацыi, але i прыцягальнасць прафесii на рынку працы. I ЦК прафсаюза, i Мiнiстэрства адукацыi пастаянна ўносяць прапановы па пытаннях удасканалення працы работнiкаў галiны ў адпаведныя органы дзяржаўнага кiравання, аднак дабiвацца росту рэальнай заработнай платы становiцца ўсё больш складана. Мы ўпэўненыя, што нельга дапусцiць далейшае знiжэнне рэальнай заработнай платы. I без дзяржаўнай падтрымкi адукацыi не абысцiся.

Сярэднямесячная заработная плата маладога спецыялiста, асiстэнта выкладчыка ВНУ, якi працуе на адну стаўку, цяпер 436,5 тысячы рублёў — 91 працэнт ад мiнiмальнага спажывецкага бюджэту. Лагiчна напрошваецца пытанне: адкуль узяцца матывацыi ў маладых навукоўцаў?

Смехатворнай выглядае i сума выплат на метадычную лiтаратуру, якая не пераглядалася з лiстапада 2001 года i складае цяпер толькi 7,5 тысячы рублёў.

Yandex cite