Падымаць той камень ужо, бадай, не будзе каму…

На мяжы Слонімскага і Дзятлаўскага раёнаў ёсць вёска Харабровічы. Шмат гадоў таму назад сюды прыехаў працаваць дырэктарам васьмігадовай школы педагог і слаўны чалавек Аляксандр Фёдаравіч Антончык.

З таго часу многае змянілася. Аляксандр Антончык ужо даўно на пенсіі: ён мае восемдзесят два гады. Закрылася школа, імкліва пусцее вёска, бо людзі выміраюць. Састарэлыя нямоглыя вяскоўцы асабліва маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымцы. І ў першую чаргу яны атрымліваюць яе ад свайго старасты — Аляксандра Фёдаравіча Антончыка. Нядаўна ён адказаў на пытанні карэспандэнта “ГС”.
—Некалі мне даводзілася не раз бываць у Харабровічах. Гэта была прыгожая вёска, размешчаная ў маляўнічым месцы, непадалёку ад цэнтра калгаса — Войневічаў. Было шмат жыхароў, школа звінела дзіцячымі галасамі. А што цяпер у Харабровічах?

—Вымірае вёска. Даўно закрылі, а потым і разабралі школу, не працуюць два млыны, якім некалі было столькі работы. Цяпер у Харабровічах жыве ўсяго 26 чалавек, ад былога вялікага статка кароў засталіся ўсяго дзве рагулі. Ды што там казаць... у нас няма ніводнага дзіцяці, няма моладзі. А гэта яскрава сведчыць пра тое, што вёска дажывае свой век. Да мінулай вясны ў нас былі яшчэ дзве маладыя сям’і, але і яны перасяліліся ў Войневічы, у аграгарадок.
—Аляксандр Фёдаравіч, вы ўжо пятнаццаць гадоў з’яўляецеся старастам вёскі Харабровічы. У чым бачыце сваё галоўнае прызначэнне?
—Няхай гэта не прагучыць банальна — дапамагаць людзям. А ім — састарэлым, нямоглым — дапамога патрэбна літаральна ва ўсім. Наша вёска размешчана на ўскраіне раёна, далёка ад райцэнтра. Тут не было ніводнага тэлефона. Выканкам сельскага савета вырашыў, каб у кожнай хаце абавязкова быў і тэлефон, і пажарны апавяшчальнік. Я пайшоў дамаўляцца з людзьмі. Спачатку тэлефон правялі толькі ў сем хат, а сёлета правядзем і ва ўсе астатнія. Таксама ў кожнай хаце ўстанавілі пажарныя апавяшчальнікі.
Кожную восень хаджу па вёсцы, цікаўлюся ў людзей, каму і якое паліва патрэбна, складаю спісы. Потым завозім людзям дровы, брыкет. Самім ім ужо цяжка пра гэта клапаціцца, таму робім усё арганізавана.

Да Харабровічаў з цэнтра калгаса дарога нядоўгая, але была вельмі разбітая, паламаўся мост. Ці варта казаць, якія гэта былі для людзей нязручнасці. Я ад імя ўсіх жыхароў звярнуўся па дапамогу ў Дзятлаўскі райвыканкам. Неўзабаве адрамантавалі і дарогу, і мост. Людзі вельмі задаволеныя.

У мяне бывае столькі — на першы погляд дробных — клопатаў, але як яны патрэбны людзям. Жыццё ў старых вяскоўцаў няпростае, пенсіі невялікія, і таму ці трэба казаць, што кожны рубельчык на ўліку. Таму яны стараюцца трымаць сякую-такую гаспадарку. Так і Марыя Лішык, якая доўгі час працавала даглядчыцай на калгаснай ферме. Цяпер сілы хапае ўсяго на тое, каб даглядаць на сваім падвор’і парася. Мінулым летам здарылася бяда: кабанчык хацеў пераскочыць праз плот, няўдала ўпаў на пярэднія ногі і вывіхнуў іх. Устаць зусім не змог. Я пайшоў да старшыні сельсавета, а потым разам з ім да старшыні калгаса з просьбай, каб дазволіў ветэрынарнаму доктару лячыць кабана, бо справа гэта не аднаго дня. І сапраўды, ветэрынар ездзіў на сядзібу Марыі Фёдараўны шмат дзён запар. І вылечыў-такі кабана.

Хто жыве ў вёсцы і ледзь не з апошніх сіл трымае гаспадарку, той зразумее, як гэта важна было для старой кабеты.
Аляксандр Фёдаравіч Антончык у свае восемдзесят два гады не сядзіць склаўшы рукі ні дня. З клопатам аб вяскоўцах ён ідзе то да старшыні Войневіцкага сельсавета, то да старшыні мясцовага калгаса. І яны ні разу не адмовілі ў дапамозе, уважліва адносяцца да любой просьбы. А калі трэба, то вясковы стараста і ў Дзятлава пад’едзе, патурбуе раённае начальства. І там яму заўсёды дапамагаюць.

Сорак гадоў таму назад ля Харабровіцкай васьмігадовай школы дзеці пасадзілі дуб і ўстанавілі камень, пад які паклалі паперы. У іх расказвалася пра гісторыю вёскі, мясцовых людзей, калгас. На камені напісалі: адкрыць праз 50 гадоў. Гэта значыць, у 2017 годзе, на стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але калі школу закрылі, на ўчастку праводзіліся земляныя работы. Камень парушылі, паперы, што былі пад ім, пашкодзілі. Вецер доўга кружыў іх па ваколіцы. Аб гэтым ніхто асабліва не бедаваў, бо праз дзесяць гадоў падымаць той камень ужо, бадай, не будзе каму... Сумна...

Леанарда Юргилевич
Газета Слонімская

Yandex cite